91 дзяржава прагаласавала «за», 12 – «супраць», 57 дзяржаваў устрымаліся. Беларусь была сярод дзяржаваў, якія галасавалі супраць.
У рэзалюцыі Генеральнай Асамблеі ААН патрабуецца, «каб Расійская Федэрацыя забяспечыла неадкладнае, бяспечнае і безумоўнае вяртанне ўсіх украінскіх дзяцей, гвалтоўна перавезеных або дэпартаваных».
У дакуменце заклікаюць Маскву «неадкладна спыніць якую-кольвек далейшую практыку гвалтоўнага перамяшчэння, дэпартацыі, разлукі з сем’ямі і законнымі апекунамі, змены асабістага статусу, у тым ліку праз грамадзянства, усынаўленне або размяшчэнне ў прыёмныя сем'і, індактрынацыі ўкраінскіх дзяцей».
Намесніца Пастаяннага прадстаўніка Расіі пры ААН Марыя Забалоцкая, выступаючы да галасавання, адзначыла, што спецсесія не павінна была аднаўляць сваю работу, таму што яе мэта супярэчыць мэтам і прынцыпам ААН, закладзеным у яе Статуце, і заключаецца ў тым, каб «сарваць дасягненне доўгатэрміновага мірнага ўрэгулявання ўкраінскага крызісу».
«Мэта гэтага тэксту [рэзалюцыі] безумоўна не ў дапамозе дзецям, – заявіла яна. – Яго мэта – прасоўваць наратыў аб дэпартацыі дзяцей, якая нібыта праводзіцца Расіяй. Ужо некалькі гадоў мы чуем лічбу ў 20 тысяч нібыта дэпартаваных дзяцей. Гэтая лічба не мяняецца, яна не падмацоўваецца ніякімі спісамі, ніякімі запытамі бацькоў ці сваякоў. Мы ніколі не бачылі сваякоў дзяцей, нібыта дэпартаваных у Расію».
Вядома, што за час вайны былі знойдзеныя і вернутыя дадому больш за 1850 украінскіх дзяцей.
У сакавіку 2023 года Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордары на арышт прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і расійскай прадстаўніцы ў справах дзяцей Марыі Львовай-Бяловай. Іх падазраюць у здзяйсненні ваенных злачынстваў – у гвалтоўных дэпартацыях і перамяшчэнні насельніцтва, у тым ліку дзяцей, з акупаваных тэрыторыяў Украіны.
Улады Беларусі дапамагаюць Расіі вывозіць дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторыяў Украіны. Вядома, што тысячы ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторыяў прыязджаюць у Беларусь.
вх