Беларуская Служба

У барацьбе з кантрабанднымі шарамі ў Літве плануюцца рашэнні аб блакіроўцы сувязі

11.12.2025 16:16
Міністр унутраных спраў Уладзіслаў Кандратовіч кажа, што для спынення кантрабанды з дапамогай паветраных шароў з Беларусі ў бліжэйшы час плануюцца рашэнні аб блакіроўцы сувязі.
   ( )
Пункт пропуску «Мядзінінкай» («Каменны Лог»)крыніца: Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы/Valstybės sienos apsaugos tarnyba

Паводле слоў міністра, аб'яўленне экстрэмальнай сітуацыі па ўсёй краіне дасць магчымасць хутчэй прымаць рашэнні і выкарыстоўваць больш рэсурсаў.

«Учора мы выдалі мой першы загад, даручэнне як кіраўніка па аперацыях, на падставе якога і аператары, так і прадстаўнікі Міністэрства транспарту і камунікацый і Міністэрства ўнутраных спраў павінны ў тэрміновым парадку прыняць прапановы аб магчымай блакіроўцы сувязі, блакіроўцы карт, іх выяўленні, што таксама павінна аблегчыць аператыўныя дзеянні па пошуку і выяўленні магчымых партый», – заявіў міністр у эфіры радыё Ziniu radijas.

Паводле яго слоў, гаворка ідзе аб уніфікацыі пэўных правілаў, паколькі розныя аператары выкарыстоўваюць розныя правілы распаўсюджвання SIM-карт: адны стражэйшыя, іншыя больш ліберальныя: «І мы бачым, што ёсць людзі, якія купляюць карты ў немалых колькасцях, і так, можа быць усякае».

Па словах міністра, праблема распаўсюджвання SIM-карт актуальная не толькі з-за кантрабандысцкіх паветраных шароў.

«І спецыяльныя «фабрыкі», а менавіта, што называюцца «SIM-боксы». Ужо выяўлена не адна такая прылада ў Літве, у нас была апошняя аперацыя – больш за 20 тысяч SIM-карт былі скарыстаны менавіта для такіх «бот-фабрык». Гэтая праблема шырэйшая, чым кантрабандысцкія паветраныя шары. Але нам сапраўды трэба абнавіць усю сітуацыю, палітыку, і знайсці рашэнні, якія не нашкодзілі б нашым жыхарам», – сказаў Кандратовіч.

Пасля таго як на гэтым тыдні ўрад абʼявіў экстрэмальную сітуацыю па ўсёй краіне з-за пагрозы, якая зыходзіць ад кантрабандысцкіх паветраных шароў з Беларусі, у чацвер парламентарыі разгледзяць прапанову аб узмацненні жорсткасці пакаранняў за такія дзеянні.

LRT/ав