Беларуская Служба

ЗША здымаюць санкцыі з беларускага калію. Выйдзе чарговая група палітычных зняволеных?

13.12.2025 13:36
Бакі абмяркоўвалі вайну паміж Расіяй і Украінай, сітуацыю ў Венесуэле, а таксама шляхі паступовай нармалізацыі адносін паміж Мінскам і Вашынгтонам.
.     .
Ілюстрацыя. Джон Коўль і Аляксандр Лукашэнка.Фота: прэс-служба А. Лукашэнкі.

12 і 13 снежня ў Мінску адбыліся перамовы Аляксандра Лукашэнкі са спецпасланнікам ЗША па Беларусі Джонам Коўлам. Паводле слоў амерыканскага прадстаўніка, сустрэчы былі «вельмі прадуктыўнымі» і закранулі як двухбаковыя адносіны, так і міжнародныя канфлікты.

ЗША здымаюць санкцыі з беларускага калію

Джон Коўл паведаміў, што падчас перамоваў бакі абмяркоўвалі вайну паміж Расіяй і Украінай, сітуацыю ў Венесуэле, а таксама шляхі паступовай нармалізацыі адносін паміж Мінскам і Вашынгтонам.

«Мы гаварылі пра вайну паміж Украінай і Расіяй, пра Венесуэлу. Прэзідэнт Лукашэнка згадаў шмат людзей і шмат рэчаў. У нас была вельмі добрая размова. Мы гаварылі пра будучыню. Пра тое, як ісці па шляху збліжэння ЗША і Беларусі, каб нармалізаваць адносіны. Гэта наша мэта», – прыводзіць словы спецпасланніка ЗША БелТА.

Паводле Коўла, працэс нармалізацыі ўжо пачаўся: бакі падтрымліваюць пастаянны дыялог, адбываецца зняцце санкцый і вызваленне зняволеных.

«Мы здымаем санкцыі, вызваляем зняволеных. Мы ўвесь час размаўляем адзін з адным», – сказаў Коўл, адказваючы на пытанне пра тое, што трэба рабіць для нармалізацыі.

Асобна Джон Коўл адзначыў ролю Аляксандра Лукашэнкі ў абмеркаванні шляхоў урэгулявання вайны ва Украіне. Паводле яго слоў, беларускі кіраўнік дае «карысныя і добрыя парады».

«Я размаўляў з вашым прэзідэнтам па розных пытаннях. Ён дапамагае, раіць нам па пытанні таго, што рабіць з вайной паміж Расіяй і Украінай. Гэта добрыя парады. Розныя пытанні, накшталт гэтага», – сказаў Коўл.

Белсат нагадвае, што 12 снежня ў Мінск прыехалі прадстаўнікі каманды прэзідэнта ЗША Дональда Трампа на чале са спецпасланнікам ЗША ў Беларусі Джонам Коўлам. Перамовы адбываліся 12 і 13 снежня ў Палацы Незалежнасці ў Мінску. 

нг