Беларуская Служба

Санкцыі Кіева маюць іншыя мэты, чым удар па Лукашэнку, лічыць украінскі дыпламат

19.02.2026 12:12
Паводле яго, санкцыі носяць выключна палітычны характар і маюць вось гэтыя дзве палітычныя мэты.
Аляксандр ЛукашэнкаFoto: preseident.gov.ru

Украінскі дыпламат і грамадскі дзеяч Вадзім Трухан мяркуе, што санкцыі, уведзеныя 18 лютага Украінай супраць Аляксандра Лукашэнкі, не маюць практычнага значэння і падпарадкаваныя дзвюм палітычным мэтам.
Першая з іх, паказаць амерыканскім партнёрам, што ўкраінскі бок не пагаджаецца на спробу легітымізацыі Аляксандра Лукашэнкі, кажа ён у размове са «Свабодай».

З іншага боку, паводле ўкраінскага дыпламата, такім чынам прэзідэнт Уладзімір Зяленскі спрабуе перадухіліць рэалізацыю ініцыятывы Уладзіміра Пуціна аб правядзенні мірных перамоваў у Мінску.

«Для Украіны гэта абсалютна непрымальна. Зяленскі неаднаразова публічна гаварыў, што перамовы з Пуціным могуць праходзіць дзе заўгодна, апроч Расіі і Беларусі. І каб паставіць усе кропкі над «і«, а таксама на апярэджанне, не дазволіць амерыканцам уцягнуць нас у сваю гульню, і, другое, не дазволіць рэанімаваць гэты трэк, Зяленскі ўвёў гэтыя санкцыі», – адзначыў украінскі дыпламат.

Паводле яго, санкцыі носяць выключна палітычны характар і маюць вось гэтыя дзве палітычныя мэты. «Ніякага там практычнага складніку абсалютна няма, бо ўсё было даўно заблакавана», – рэзюмаваў Вадзім Трухан.

Нагадваем, 18 лютага прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў указ аб увядзенні персанальных санкцыяў супраць Аляксандра Лукашэнкі.

Зяленскі патлумачыў абмежаванні саўдзелам Лукашэнкі ў вайне Расіі супраць Украіны, у тым ліку разгортваннем у другой палове 2025 года сістэмы рэтранслятараў для кіравання ўдарнымі дронамі, што павялічыла магчымасці расійскай арміі наносіць удары па Украіне. Сярод іншых падставаў – разбудова інфраструктуры для размяшчэння ў Беларусі ракет сярэдняй далёкасці «Арэшнік», пастаўка кампанентаў для расійскай зброі, а таксама датычнасць да гвалтоўнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Расію.

Супраць Аляксандра Лукашэнкі ўвялі 17 абмежаванняў.

аз

Украіна ўвяла санкцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі

18.02.2026 11:30
Уладзімір Зяленскі падпісаў указ аб увядзенні персанальных санкцыяў супраць беларускага дыктатара.