Беларуская Служба

Грузінскі бок абверг інфармацыю тэлеканала «Беларусь 24» пра нібы прапанаваную дапамогу ў трансляцыі

26.02.2026 16:51
«Наогул пра гэта не ішло гаворкі», – запэўнівае чыноўнік і нагадваюць, што кампанія ў склад якой уваходзіць беларускі тэлеканал пад санкцыямі.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Photo: PublicDomainPictures/pixabay.com/CC0 Public Domain

Старшыня Нацыянальнай камісіі камунікацый Грузіі Гога Гулардава абверг інфармацыю тэлеканала «Беларусь 24» пра тое, што ён нібыта прапанаваў дапамогу ў арганізацыі вяшчання канала на тэрыторыі яго краіны.

«Я ніякім чынам не пацвярджаю гэтую інфармацыю. Наогул пра гэта не ішло гаворкі», – заявіў Гулордава грузінскай службе «Радыё Свабода». Пазней ён дадаў, што на адрас тэлеканала накіраваны ліст з патрабаваннем выправіць недакладныя звесткі.

Як нагадвае «Позірк», 24 лютага тэлеканал «Беларусь 24» распаўсюдзіў паведамленне пра сустрэчу з кіраўніком рэгулятара і апублікаваў фота. Было заяўлена, што бакі абмеркавалі «пытанні ўключэння канала ў пакеты вядучых [грузінскіх] правайдараў і кабельных аператараў». Акрамя таго, сцвярджалася, што чыноўнік нібыта «прапанаваў дапамогу ў арганізацыі вяшчання тэлеканала ў рэгіёнах Грузіі».

Пазней тэлеканал выдаліў гэтую навіну, аднак на сайце засталося іншае паведамленне – пра «прэзентацыю тэлеканалаў Белтэлерадыёкампаніі для вядучых правайдараў і кабельных аператараў, экспертнай супольнасці і беларускай дыяспары». У ёй таксама гаворыцца, што камісія «прапанавала дапамогу ў арганізацыі вяшчання «Беларусь 24″ у рэгіёнах Грузіі».

Старшыня камісіі заявіў, што з прадстаўнікамі вяшчальніка з Беларусі «абмежаваліся двуххвіліннай сустрэчай». Ім было растлумачана, чаму вяшчанне не можа распаўсюджвацца пры садзейнічанні кабельных тэлеканалаў: «Кампанія, у склад якой яны ўваходзілі, знаходзілася пад санкцыямі, і кабельныя аператары адмовілі ім, на што мелі права».

«Беларусь 24» – міжнародны спадарожнікавы тэлеканал, пазначана на яго сайце. Вяшчанне вядзецца на беларускай і рускай мовах кругласутачна. Інфармацыйны кантэнт даступны на англійскай і польскай мовах у фармаце бягучага радку. Зона пакрыцця, як сцвярджаецца, ахоплівае больш за 170 краін.

Тэлеканал уваходзіць у структуру Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі, у складзе якой акрамя яго яшчэ сем ТВ-каналаў і шэраг радыёстанцый.

аз

У Беларусі пачалі дзейнічаць абмежаванні мабільнага інтэрнэту

23.02.2026 12:01
У выпадку дасягнення карыстальнікам пэўнага парогу спажытага інтэрнэт-трафіку будзе рэзка падаць ягоная хуткасць.