Беларуская Служба

Лукашэнка паведаміў пра затрыманне за хабар міністра прыродных рэсурсаў

12.03.2026 13:20
Паводле звестак Вярхоўнага суда, у 2025 годзе за ўчыненне карупцыйных злачынстваў у Беларусі былі асуджаныя 657 асоб.
Аляксандр ЛукашэнкаFoto: крыніца: Тэлеграм-канал «Пул Першага»

Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Масляк знаходзіцца ў СІЗА па абвінавачванні ў хабарніцтве, паведаміў Аляксандр Лукашэнка 12 сакавіка на нарадзе аб мерах па выключэнні неабгрунтаванага і нядобрасумленнага пасярэдніцтва.

— Яго ўзялі на месцы злачынства, — цытуюць Лукашэнку дзяржаўныя СМІ.

Сяргей Масляк быў на чале камісіі па супрацьдзеянні карупцыі ў сістэме Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, якое ўзначаліў 22 красавіка 2024 года. Апошняя навіна пра яго дзейнасць з’явілася сёлета 2 сакавіка, нагадвае «Позірк».

Чыноўнік нарадзіўся ў 1980 годзе. З 2013-га па 2015 гады працаваў намеснікам кіраўніка адміністрацыі Заводскага раёна Мінска, з 2015-га па 2019-ы — старшынёй Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, з 2019-га па 2024-ы — кіраўніком адміністрацыі Заводскага раёна Мінска.

Паводле звестак Вярхоўнага суда, у 2025 годзе за ўчыненне карупцыйных злачынстваў асуджана 657 асоб — на 7,3% менш, чым у 2024-м (709). З асуджаных 199 прыгаворана да пазбаўлення волі. Пазбаўленне права займаць пэўную пасаду або займацца пэўнай дзейнасцю ў якасці асноўнай меры пакарання прызначана 17 асобам, у якасці дадатковай — 557.

Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да ўлады ў 1994 годзе шмат у чым дзякуючы вобразу змагара з карупцыяй і працягвае выкарыстоўваць гэтую тэму. За больш чым 30 гадоў карупцыя не была пераможаная.

аз

Калонія і буйны штраф за інтэрнэт-каментары

11.03.2026 13:45
Жыхара Баранавічаў асудзілі завочна на 6 гадоў калоніі.