Беларуская Служба

Алесь Бяляцкі сустрэўся з Вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека Фолькерам Цюркам

12.03.2026 15:40
Галоўным фокусам сустрэчы з Фолькерам Цюркам стала сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі.
    . 12 ,
Алесь Бяляцкі і Фолькер Цюрк. 12 сакавіка, Жэневаspring96.org

12 сакавіка старшыня праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі сустрэўся з Вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека Фолькерам Цюркам.

Сустрэча адбылася ў Жэневе ў межах 61-й сесіі Савета ААН па правах чалавека, падчас якой Бяляцкі таксама ўзяў удзел у сайд-івэнце «Дайце голас ахвярам: сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі«. Гэта першы міжнародны візіт праваабаронцы пасля ягонага вызвалення, нагадвае «Вясна». У сустрэчы таксама ўдзельнічаў дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў.

— Падчас майго зняволення Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН выступіла са зваротам з патрабаваннем майго вызвалення, — пракаментаваў Алесь Бяляцкі сустрэчу з Фолькерам Цюркам. — Я падзякаваў за гэта і папрасіў прыкласці намаганні для вызвалення іншых палітвязняў, якія цяпер знаходзяцца ў турмах.

Галоўным фокусам сустрэчы з Фолькерам Цюркам стала сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі, у тым ліку — становішча палітвязняў і роля міжнародных механізмаў у абароне фундаментальных правоў і свабодаў.

Алесь Бяляцкі распавёў Вярхоўнаму камісару пра апошнія выпадкі палітычных прысудаў у Беларусі і папрасіў звярнуць асаблівую ўвагу на тых, хто знаходзіцца за кратамі ў асаблівай рызыцы: хворых людзей, пенсіянераў, жанчын.

У размове праваабаронца нагадаў пра неабходнасць пастаяннай увагі міжнароднай супольнасці да жахлівай сітуацыі ў краіне. Таксама старшыня «Вясны» паведаміў, што далучаецца да міжнароднай ініцыятывы «People First».

аз

Бяляцкі ў Жэневе заклікаў далей трымаць Беларусь у фокусе міжнароднай увагі

12.03.2026 11:19
Ён удзельнічаў у сустрэчах падчас сесіі Рады правоў чалавека ААН у Жэневе.