Беларуская Служба

У Літву вярнуліся першыя затрыманыя ў Беларусі грузавікі

24.03.2026 11:34
Цана паркоўкі цягача з паўпрычэпам за дзень на спецыяльных паркоўках складае прыблізна 47-48 еўра.
Беларуская мяжаФота: gpk.gov.by

24 сакавіка першыя літоўскія грузавікі, затрыманыя ў Беларусі, вярнуліся ў Літву пасля таго, як у панядзелак Аляксандр Лукашэнка даў дазвол на іх выезд. Пра гэта паведаміў прадстаўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.

Як піша агенцтва BNS, прадстаўнік ведамства Гедрус Мішуціс заявіў, што першыя грузавікі перасеклі мяжу Літвы праз пункты пропуску «Меднікі» і «Салечнікі» каля 5 гадзін раніцы. Паводле папярэдніх звестак, гэта грузавікі на літоўскай рэгістрацыі.

Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі, які цытуе БелТА, паведаміў, што больш за 1,9 тысячы грузавікоў і паўпрычэпаў змогуць выехаць з тэрыторыі Беларусі ў напрамку Літвы «ў адпаведнасці з заканадаўствам».
Пакуль на мяжы Літвы і Беларусі павелічэння чаргі з беларускага боку не назіраецца.

Ва ўрадзе Беларусі 23 сакавіка паведамілі, што літоўскія грузавікі, якія з лістапада 2025 году знаходзяцца на беларускай тэрыторыі, змогуць выязджаць праз мяжу Літвы і Польшчы толькі пасля таго, як іхныя ўласнікі аплацяць іх захоўванне на стаянках.

Адзначаецца, што гэтае рашэнне ўхваліў Аляксандр Лукашэнка пасля разгляду звароту літоўскіх і польскіх перавознікаў.

Прэзідэнт Літоўскай нацыянальнай асацыяцыі перавознікаў Linava Эрландас Мікенас у інтэрв'ю выданню BNS паведаміў, што атрымана афіцыйнае пацверджанне пачатку працэсу вяртання грузавікоў.

— Афіцыйнае пацверджанне палягае ў тым, што транспартныя сродкі былі вызваленыя, і мы атрымалі тарыфы ад «Белмытсервісу», якія расчаравалі перавозчыкаў, — заявіў Эрландас Мікенас.

Паводле яго, цана паркоўкі цягача з паўпрычэпам за дзень на спецыяльных паркоўках складае прыблізна 47-48 еўра, толькі паўпрычэпа — прыблізна 16 еўра і толькі цягача — прыблізна 32 еўра.

— Я б сказаў, што калі 50 адсоткаў (усіх кампаніяў – BNS) змогуць заплаціць, гэта будзе вельмі добра, — дадаў кіраўнік Linava. Ён не выключыў, што і на такіх умовах не ўсе грузавікі змогуць вярнуцца ў Літву.

Лукашэнка анансаваў вяртанне літоўскіх грузавікоў пасля перамоваў 19 сакавіка з амерыканскай дэлегацыяй на чале са спецыяльным пасланнікам прэзідэнта ЗША Джонам Коўлам.

Літоўскія фуры затрымалі летась у Беларусі ў адказ на рашэнне Літвы закрыць дзяржаўную мяжу з прычыны пастаяннага прылёту з Беларусі паветраных шароў з кантрабандай.

Нягледзячы на ўжо адкрытую мяжу, рэжым Лукашэнкі не дазваляў літоўскім транспартным сродкам пакідаць краіну з канца кастрычніка 2025 году і скіраваў іх на адмысловыя пляцоўкі, дзе за кожны грузавік або паўпрычэп спаганяецца штодзённая плата 120 еўра. Больш за тое, улады Беларусі абяцалі сканфіскаваць іх праз 4 месяцы.

Паводле Нацыянальнай асацыяцыі аўтамабільных перавознікаў Літвы Linava, у Беларусі затрымалі 1071 транспартны сродак, з якіх 575 — паўпрычэпы і 496 — цягачы.

Свабода/ав