Беларуская Служба

Чаты сваякоў вязняў амаль усіх СІЗА і калоній прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем»

10.04.2026 14:33
У адпаведны спіс дадалі 10 тэлеграм-чатаў, дзевяць вайбер-чатаў і тры суполкі «Укантакце» — гэта чаты з людзьмі, чые сваякі знаходзяцца ў СІЗА ці калоніях.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Pexels/pixabay.com/CC0 Public Domain

У чатах сабраныя розныя гайды, якія дапамагаюць людзям арыентавацца пасля затрымання блізкага. Таксама там сваякі абмяркоўваюць дазволеныя прадукты для перадачаў, даты званкоў і дзеляцца карыснай інфармацыяй пра спатканні і ўмовы ўтрымання. Цяпер пад пагрозай крымінальнага пераследу апынуліся тысячы чалавек, якія нават не вераць, што за гэта могуць пераследаваць.

ПЦ «Вясна» адзначае, што ў чатах СІЗА і калоній большасць удзельнікаў — сваякі асуджаных не па палітычных справах. Пры гэтым у чатах знаходзяцца сотні і тысячы чалавек. Пасля з'яўлення інфармацыі пра прызнанне чата «фармаваннем» людзі наўпрост адмаўляюцца верыць, што такія чаты могуць стаць падставай для пераследу.

Юрыст «Вясны» Павал Сапелка адзначае, што такія чаты — гэта рэакцыя людзей на недахоп зразумелай і празрыстай інфармацыі ў адкрытых крыніцах пра пенітэнцыярную сістэму. А пераслед удзельнікаў гэтых чатаў — спроба ціску на людзей, каб пазбавіць іх падтрымкі і салідарнасці.

— Прызнанне буйных чатаў СІЗА і калоній «экстрэмісцкімі фармаваннямі» — гэта чарговы этап сістэмнага ціску на нізавыя структуры грамадства, а роўна — на самаарганізаваныя нефармальныя суполкі. Таксама ўскосна гэта падзейнічае і на сітуацыю з палітзняволенымі і іх роднымі. Менавіта ў такім парадку я б адзначаў гэтыя праблемы. Такія чаты фактычна выконваюць выключна гуманітарную і бытавую функцыю — людзі абменьваюцца інфармацыяй пра перадачы, спатканні, умовы ўтрымання. Але ўлада імкнецца крыміналізаваць нават гэтыя формы самаарганізацыі і ўзаемадапамогі, каб ізаляваць людзей адзін ад аднаго і пазбавіць іх падтрымкі. Важна разумець, што самі гэтыя чаты з’явіліся не з палітычных прычын. Гэта натуральная рэакцыя людзей на недахоп інфармацыі і празрыстасці, — гаворыць Павал Сапелка.

Вясна/ав