Беларуская Служба

Варшаўскі бар-шоп WIN з беларускімі каранямі патрапіў у гід «Мішлен»

29.05.2026 16:01
Узнагарода прысуджаецца рэстаранам з высокай якасцю кухні па даступных коштах.
Image:
Image:FrDr, CC BY-SA 4.0 , via Wikimedia Commons

Варшаўскі вінны бар-шоп WIN, адкрыты камандай імпарцёраў віна Enoterra, увайшоў у спіс устаноў гіда Michelin Bib Gourmand 2026б, паведамляе Reform.news. Узнагарода прысуджаецца рэстаранам з высокай якасцю кухні па даступных коштах.

Навіной падзяліўся на сваёй старонцы ў Instagram сузаснавальнік Enoterra і WIN Аляксандр Мазаляка.

WIN размешчаны ў варшаўскім раёне Воля. За кухню адказваюць шэф Матэуш Каркошка і су-шэф Адам Кубіш. Каманда Enoterra займаецца імпартам і дыстрыбуцыяй вінаў ад невялікіх сямейных вінаграднікаў.

— Нядзіўна, што WIN, створаны па ініцыятыве імпарцёра віна, з'яўляецца абавязковым месцам наведвання для ўсіх знаўцаў віна. На першым паверсе размешчаны бар, лаўнж, гастраном і крама, дзе вы зможаце азнаёміцца ​​з асартыментам з больш 300 він, уключаючы выдатны выбар він з краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

На другім паверсе знаходзіцца ўтульнае бістро, аформленае ў стылі мінімалістычнага шыку, дзе падаюць стравы па даступных коштах, па-майстэрску скампанаваныя так, што іх тонка збалансаваныя густы ствараюць ідэальную гармонію. Усе чальцы каманды добра разбіраюцца ў вінах і з задавальненнем дапамогуць вам зрабіць выбар, калі вы гэтага пажадаеце,  такім чынам прадстаўлена ўстанова на сайце гіда.

Цырымонія ўручэння ўзнагарод адбылася 27 траўня ў Кракаве. У гэтым годзе гід Michelin упершыню ахапіў усю Польшчу цалкам, а не толькі асобныя гарады і рэгіёны.

Варшава ўвайшла ў гід з 38 рэстаранамі, у тым ліку чатыры з зоркамі Michelin. Усяго ў Польшчы налічваецца 11 рэстаранаў з зоркамі. У катэгорыю Bib Gourmand сёлета ўключаны 10 варшаўскіх устаноў, 4 з якіх атрымалі ўзнагароду ўпершыню.

Bib Gourmand  асобная ўзнагарода Michelin для ўстаноў з добрай кухняй па даступнай цане. Інспектары ацэньваюць якасць інгрэдыентаў, тэхніку і густ, стабільнасць, канцэпцыю кухні і суадносіны кошту і якасці. Сімвал узнагароды  усмешлівы чалавечак Bibendum («Біб»), маскот Michelin.

Гід Michelin выдаецца з 1900 года. Інспектары ананімна наведваюць рэстараны і ацэньваюць якасць кухні, сэрвіс і суадносіны кошту і якасці.

яс