Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сыбіга заявіў, што Кіеў разглядае магчымасць пашырыць паўнамоцтвы амбасадара па спецыяльных даручэннях, які адказвае за кантакты з беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Пра гэта дыпламат паведаміў падчас выступу ў Вярхоўнай Радзе.
Паводле Сыбігі, Украіна ўжо зрабіла першы крок да больш сістэмнага супрацоўніцтва з беларускімі дэмакратычнымі структурамі і цяпер абмяркоўвае далейшае пашырэнне мандата спецыяльнага прадстаўніка. Міністэрства замежных спраў таксама плануе кансультацыі з дэпутатамі, каб вызначыць новыя кірункі яго працы.
Гаворка ідзе пра Яраслава Чарнагора, якога ў сярэдзіне траўня прызначылі амбасадарам МЗС Украіны па асаблівых даручэннях. Дыпламат адказвае за пытанні дэмакратычных трансфармацый і ўзаемадзеянне з дэмакратычнымі сіламі ў недружалюбных дзяржавах, у тым ліку Беларусі.
Тэма атрымала дадатковую актуальнасць пасля візіту Святланы Ціханоўскай у Кіеў і яе сустрэчы з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім.
reform.news/эж