З 2020 года не менш за 129 чалавек асуджаны ў Беларусі паводле арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве), паведамляе «Позірк».
Сярод іх, як адзначаецца, 16 жанчын і шэсць сем’яў (14 чалавек).
Паводле звестак праваабаронцаў, пяць сем’яў было асуджаны ў 2024 годзе. Шостая — Дзмітрый і Таццяна Корсакавы, а таксама іх дачка Пелагея, прыгавор, які быў вынесены Мінскім гарадскім судом 10 чэрвеня 2026-га.
Пелагея Корсакава, якая пражывае ва Украіне, асуджана завочна да 11 гадоў пазбаўлення волі. Дзмітрый і Таццяна асуджаныя адпаведна на 14 і 12 гадоў зняволення. Яны знаходзяцца ў няволі.
Таццяне Корсакавай 57 гадоў. Паводле звестак аб’яднання BelPol, яна працавала выхавальніцай у мінскім дзіцячым садку № 518.
58-гадовы Дзмітрый Корсакаў працаваў у тым жа садку рабочым. Раней займаўся аўтабізнесам — дастаўляў з-за мяжы аўтамабілі на продаж.
28-гадовая Пелагея Корсакава раней таксама працавала дашкольным педагогам.
Раней паведамлялася, што Дзмітрыю і Таццяне Корсакавым інкрымінаваныя ч. 1 арт. 356, ч. 4 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў), ч. 3 арт. 331 (незаконнае перамяшчэнне праз мяжу атрутных рэчываў, агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў) КК.
Пелагея абвінавачвалася паводле ч. 1 арт. 356 КК. Падрабязнасці крымінальнай справы невядомыя.
Беспрэцэдэнтныя палітычныя рэпрэсіі працягваюцца ў Беларусі з 2020 года.
аз