Беларуская Служба

Лукашэнка і Пуцін вырашылі пагутарыць пасля пагрозаў Зяленскага

22.06.2026 14:25
19 чэрвеня Уладзімір Зяленскі заклікаў адключыць рэтранслятары, якія стаяць у Беларусі ля мяжы з Украінай.
Уладзімір Пуцін і Аляксандр ЛукашэнкаЗдымак: kremlin.ru

Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка збіраюцца пагутарыць у бліжэйшы час наконт нядаўніх заяваў Зяленскага. Гэтую інфармацыю 22 чэрвеня агучыў прэс-сакратар Крамлю Дзмітрый Пяскоў, піша «Інтэрфакс».

— Сапраўды, і вы ведаеце, што Аляксандр Рыгоравіч (Лукашэнка) пра гэта казаў, у агляднай перспектыве плануе ажыццявіць кантакты. Гэта будзе добрая магчымасць для таго, каб абмеркаваць гэтыя і іншыя пытанні. Пагрозы абсалютна агрэсіўныя, умяшанне ва ўнутраныя справы іншай краіны, замах на суверэнітэт іншай краіны. Але ў нас няма ніякага сумневу, што кіраўніцтва Беларусі і сама Беларусь у стане свой суверэнітэт забяспечыць, — сказаў Дзмітрый Пяскоў падчас брыфінгу.

Як нагадвае «Белсат», 19 чэрвеня Уладзімір Зяленскі звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі і нагадаў пра дзеянні ў падтрымку Расіі, якія афіцыйны Мінск рабіў з першых дзён вайны. Ён заклікаў адключыць рэтранслятары, якія стаяць у Беларусі ля мяжы з Украінай і накіроўваюць расійскія дроны падчас атак, калі беларускі палітык не хоча, каб у вайну была «уцягнутая ўся яго краіна». На выкананне патрабавання Зяленскі даў тыдзень, «таму што кожны дзень гінуць мірныя жыхары».

Ён таксама адзначыў, што Лукашэнка ў стане зрабіць так, каб беларускія нафтапрадукты не выкарыстоўваліся расійскімі войскамі.

Сам Лукашэнка 16 чэрвеня ў інтэрв'ю замежным СМІ папрасіў прабачэння перад Зяленскім за свае абразлівыя выказванні ў ягоны адрас. Таксама ён запэўніў, што недапушчальнасць пераносу ваенных дзеянняў на беларускую тэрыторыю шмат разоў абмяркоўвалася з Уладзімірам Пуціным. І дадаў, што Беларусь уразлівая перад ЗСУ і не хоча ваяваць.

аз

Зяленскі ўдакладніў ультыматум Лукашэнку 

22.06.2026 08:54
«Рэтранслятары выключыць, зняць і паказаць нам, што яны знятыя».