У Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы прызначыл«і новага генеральнага дакладчыка па Беларусі: гэта шведскі дэпутат Густаф Ётберг. Пра гэта «Белсату» расказаў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету, лідар Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і найбуйнейшай фракцыі Каардынацыйнай рады Павел Латушка.
У ПАРЕ Густаф Ётберг з 2022 года меў статус запаснога чальца дэлегацыі, а ў студзені 2026-га стаўся віцэ-старшынём камітэта прававых пытанняў і правоў чалавека.
Адметна, што на вокладцы Facebook-старонкі Ётберга з кастрычніка 2020 года стаіць фота мітынгу пад бел-чырвона-белымі сцягамі — перадвыбарчай акцыі Святланы Ціханоўскай і аб’яднанага выбарчага штабу ў Мiнску. З Ціханоўскай ён не раз сустракаўся асабіста і не раз падымаў пытанні Беларусі ў Швецыі і на міжнародным узроўні.
23 чэрвеня Павел Латушка выступіў на пасяджэнні Камітэта палітычных пытанняў і дэмакратыі, расказаў пра рэпрэсіі ў Беларусі і трансгранічныя рэпрэсіі. Ён прапанаваў стратэгію па Беларусі з двух кірункаў: Злучаныя Штаты выкарыстоўваюць санкцыйны ціск і «нестандартныя метады дыпламатыі», каб дамагчыся вызвалення ўсіх палітвязняў і спынення рэпрэсіяў, а Еўрапейскі Саюз і астатнія дэмакратычныя краіны паслядоўна выкарыстоўваюць санкцыйныя механізмы як рычаг для дасягнення рэальных сістэмных зменаў у Беларусі. Таксама ён заклікаў еўрапейскіх партнёраў спрыяць правядзенню «круглага стала» між фактычнымі ўладамі ў Беларусі і дэмакратычнымі сіламі, стаць адным з бакоў за гэтым сталом.
У чацвер, 25 чэрвеня, ПАРЕ будзе абмяркоўваць падрыхтоўку рэзалюцыі аб стане беларускай культуры і рэпрэсіях супраць дзеячаў культуры ў Беларусі. На камітэце справаў культуры выступіць і сам Латушка — як у якасці чальца беларускай дэлегацыі ў ПАРЕ, так і ў якасці былога міністра культуры Беларусі.
aз