Расія ўзмацняе ціск на Беларусь, імкнучыся пашырыць ваеннае супрацоўніцтва і, магчыма, выкарыстаць беларускую тэрыторыю для адкрыцця новага фронта ў вайне супраць Украіны, паведамляе «Наша Ніва» са спасылкай нa «The Wall Street Journal».
Асаблівае значэнне Беларусі ў тым, што на яе тэрыторыі ўжо размешчана расійская тактычная ядзерная зброя. Разам з тым Беларусь ужо аказвае Расіі істотную падтрымку. Гаворка ідзе пра пастаўкі бензіну і іншых нафтапрадуктаў на фоне дэфіцыту паліва ў Расіі пасля ўкраінскіх удараў па яе нафтавай інфраструктуры. Акрамя таго, Масква выкарыстоўвае наземныя станцыі кіравання дронамі на беларускай тэрыторыі для навядзення беспілотнікаў.
Таксама ў Беларусі, паводле выдання, цяпер знаходзяцца каля 2 000 расійскіх вайскоўцаў. Расія працягвае настойваць на выкарыстанні беларускай тэрыторыі для запуску дронаў і адцягвання ўкраінскіх сіл з усходніх участкаў.
У матэрыяле падкрэсліваецца, што далейшая падтрымка Расіі можа зрабіць Беларусь мішэнню для ўкраінскіх удараў, падобных да тых, якія Кіеў наносіць па лагістыцы і прамысловай інфраструктуры ў глыбіні расійскай тэрыторыі.
Адзін з былых супрацоўнікаў расійскай выведкі заявіў, што Масква нібыта цісне на Мінск, пагражаючы абмежаваць фінансавую падтрымку Беларусі.
Аўтары матэрыялу адзначаюць, што прыкмет неадкладнай падрыхтоўкі ваеннай аперацыі з тэрыторыі Беларусі пакуль няма. Аднак сама такая магчымасць, паводле крыніц, ужо разглядаецца. Пры гэтым гаворка можа ісці не толькі пра звычайны ваенны наступ, але і пра дзеянні, накіраваныя на праверку абароны краін НАТА.
aз