Журналіст Каналу замежнага вяшчання Польскага радыё Пётр Пагажэльскі запытаў у Святланы Ціханоўскай што яна думае, ці сапраўды магчымыя ўдары ўкраінскай арміі па рэтранслятарах, якія, паводле Зяленскага, усталяваныя на тэрыторыі Беларусі, і наогул — удары па Беларусі?
С. Ціханоўская: Мы перш за ўсё разумеем, што ўкраінцы не хацелі б бамбіць Беларусь, бо разумеюць, што мы будзем, як нацыі, якія супрацьстаяць супраць злу — расійскаму імперыялізму і мы бачым будучыню нашых абедзвюх краін побач у Еўропе. Таму вось гэты ўльтыматум прэзідэнту Лукашэнку, каб выключыць гэтыя рэтранслятары, бо з-за іх ляцяць расійскія дроны і забіваюць украінцаў — гэта справядлівы ўльтыматум. Мы бачым, што Украіна гаворыць мовай сілы не толькі з Расіяй, але і з Лукашэнкам. Канешне, усё, што забівае ўкраінцаў, усё, што дапамагае расійскай ваеннай машыне, павінна мець наступствы. Мы бачым, што Лукашэнка адразу адрэагаваў. Гэтыя рэтранслятары на дадзены момант выключаны і нашыя СМІ заўважылі, што расійскія дроны некалькі дзён не лётаюць уздоўж беларускай мяжы, але яны не дэмантаваныя. Яны ўсё яшчэ там і, канешне, трэба вельмі добра адсочваць, што адбываецца ўнутры краіны, ці ўключаць гэтыя рэтранслятары. Што мы маем? – У Беларусі будуецца інфраструктура, якой там не павінна быць, калі краіна не рыхтуецца да нейкай эскалацыі. Мы разумеем, што Лукашэнка служыць Пуціну, што ён будзе даваць выкарыстоўваць нашу інфраструктуру, нашую зямлю для нейкіх правакацый не толькі супраць Украіны, але і нашых заходніх суседзяў. Вось цяпер ідуць нейкія вучэнні на мяжы з Еўразвязам. То бок, канцэптуальна, пакуль Лукашэнка будзе там — заўжды будзе пагроза. Але спадар прэзідэнт Зяленскі паказаў усяму свету, што дыктатары разумеюць толькі мову сілы. Калі ты кажаш, што будуць наступствы пасля тваіх дзеянняў, то дыктатары адступаюць. Мы таксама запрашаем краіны Еўразвязу аказваць вялікі ціск на рэжым Лукашэнкі рознымі спосабамі — гэта і санкцыйная палітыка і працягванне палітыкі непрызнання, ізаляцыі рэжыму Лукашэнкі і, з іншага боку, дапамагаць беларусам у імкненні да еўрапейскай будучыні.
А вы думаеце, што Лукашэнка сапраўды спужаўся?
С.Ціханоўская: Канешне, я думаю, што Лукашэнка сапраўды спужаўся, бо мы бачым якая моцная зараз Украіна, бо мы бачым, што, калі дагэтуль Украіна больш-менш маўчала па сітуацыі ў Беларусі, бо было зразумела, што адчыніць другі фронт з боку Беларусі было б немагчыма Украіне вытрымаць, але зараз яны настолькі ўпэўненыя ў сябе, настолькі моцныя, што маюць магчымасць дыктаваць Лукашэнку, што яму рабіць, што яму не рабіць. Мы вельмі ўдзячныя за тое, што Украіна выбрала бок дэмакратычнай Беларусі, яны супрацоўнічаюць з намі і праз нейкія свае каналы даносяць нам свае патрабаванні рэжыму. Бачым, што Лукашэнка нават выбачаўся перад Зяленскім, канешне, потым зноў нагаварыў бруду, але ж тым не менш, мы бачым, што мова сілы працуе. Зараз Лукашэнка паехаў на кансультацыі ў Расію, бо ён сам не вырашае, у яго ёсць гаспадар, які вырашае за яго. Тое, што рэтранслятары зараз выключаны дае нам разуменне, што зараз Расія не можа дапамагчы Лукашэнку адстаяць гэтыя рэтранслятары, што іх трэба выключыць — гэта ў інтарэсах і Расіі і беларускага рэжыму. Што будзе далей, трэба адсочваць, але на дадзены момант гэта, канешне, перамога.
Аднак Лукашэнка дапамагае Расіі бензінам...
С. Ціханоўская: Гэта таксама было такое папярэджванне ад прэзідэнта Зяленскага, што ўся інфраструктура, усе заводы, параходы і г.д., што дапамагае расійскай машыне, могуць быць цэлямі для знішчэння ўкраінскай арміяй. Гэта папярэджанне. Раней прэзідэнт Макрон патэлефанаваў Лукашэнку не таму, каб паказаць, што вось «мы цябе прызнаем, ці нармалізуем адносіны», толькі, каб папярэдзіць, што будуць наступствы, калі будзе нейкая эскалацыя. Прэзідэнт Зяленскі гэта кажа публічна, больш выразна, вельмі моцна, і, канешне, Лукашэнка спужаўся. Ён разумее, што Украіна можа гэта зрабіць. Зразумела, што Украіна не хацела б гэта рабіць з-за беларускай нацыі, якая на баку Украіны, але каб знішчыць Лукашэнку — чаму б не? І Лукашэнка гэта разумее. Канешне, нам гэтага трэба не дапусціць. Лукашэнка круціцца, як вуж на патэльні, ён хоча сысці ад адказнасці і за вайну і за рэпрэсіі ў Беларусі. А наша задача — ісці да канца, каб прыцягнуць злачынцу да адказнасці. Усе тыя людзі, якія катавалі беларусаў і дапамагалі Расіі забіваць украінцаў, павінны быць прыведзены да справядлівага суду.
Размова была запісаная падчас Канферэнцыі па адбудове Украіны, якая праходзіць у Гданьску і на якой прысутнічае Святлана Ціханоўская.
яс