Беларуская Служба

Святлана Ціханоўская: Трэба збіраць сведчанні пра катаванні ды іншыя злачынствы рэжыму

26.06.2026 08:42
Лідарка беларускіх дэмакратычных сіл выказалася з нагоды Міжнароднага дня ў падтрымку ахвяраў катаванняў.
Святлана Ціханоўская@tsikhanouskaya

Святлана Ціханоўская ў сваім відэа нагадала пра сістэмныя катаванні ў Беларусі і неабходнасць адказнасці за злачынствы рэжыму. Яна адзначыла — тое, што адбываецца ў беларускіх турмах, нельга прымаць як норму.

— Трэба называць імёны пацярпелых, распавядаць гісторыі, дапамагаць ім і збіраць сведчанні пра катаванні і іншыя злачынствы рэжыму. Тое, што адбываецца ў беларускіх турмах, нельга прымаць як норму. Мы павінны памятаць пра гэта і дамагацца, каб кожны, хто аддаваў і выконваў злачынныя загады, панёс адказнасць, — сказала Святлана Ціханоўская.

Гэтаксама на афіцыйным сайце Святланы Ціханоўскай апублікаваная Канцэпцыя прыцягнення да адказнасці за рэпрэсіі ў Беларусі, падрыхтаваная юрыдычнай камандай Офіса.

Дакумент апісвае, як у будучай дэмакратычнай Беларусі могуць расследавацца грубыя парушэнні правоў чалавека, учыненыя пасля 2020 года. У канцэпцыі разглядаюцца роля пацярпелых, захаванне доказаў, права на праўду і кампенсацыю шкоды, а таксама нацыянальныя і міжнародныя механізмы прыцягнення вінаватых да адказнасці.

Асаблівая ўвага ў Канцэпцыі надаецца перспектыве стварэння гібрыднага трыбунала для Беларусі, які аб’яднаў бы нацыянальнае правасуддзе з міжнародным удзелам і вопытам.

Крыніца: Светлана Тихановская/юл