Беларуская Служба

Журналіста Кірыла Пазняка і ягоную дачку Яніну пакаралі пазбаўленнем волі

27.06.2026 10:02
26 чэрвеня Мінскі гарадскі суд вынес прысуды палітзняволеным Кірылу Пазняку і ягонай дачцэ Яніне. Журналіста пазбавілі волі на тры з паловай гады. Пакуль невядома, колькі давядзецца правесці за кратамі ягонай дачцэ.
Кірыл і Яніна Пазнякфота: Вясна

Абвінавачанне прасіла пакараць бацьку і дачку пазбаўленнем волі на тры з паловай і тры гады адпаведна. Апроч таго, Кірыл Пазняк мусіць заплаціць штраф у 550 базавых велічыняў (24750 рублёў). Пра гэта стала вядома з крыніц «Белсату».

Бацьку і дачку абвінавацілі паводле двух артыкулаў — 361-1 і 369-1 Крымінальнага Кодэкса Беларусі  у «стварэнні экстрэмісцкага фармавання» і «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь». Кірыла і Яніну Пазнякоў затрымалі летась 3 верасня. У той жа дзень КДБ прызнаў YouTube-канал «Платформа 375», які стварыў Кірыл Пазняк, «экстрэмісцкім фармаваннем». У крымінальнай справе і журналіст, і ягоная дачка прызнаны арганізатарамі. Уся віна Яніны палягае ў тым, што яна зарэгістравала канал у TikTok.

На «Платформе 375» Пазняк асвятляў эканамічныя і палітычныя падзеі ў краіне. У 2021-м і ў 2022-м ён быў мадэратарам онлайн-дэбатаў паміж праўладнымі прапагандыстамі і іх апанентамі, якія вымушаныя былі пакінуць краіну праз пагрозу рэпрэсій.

Разгляд справы пачаўся 17 чэрвеня. Першае паседжанне суда было прызначанае на 14 траўня, але праз цяжкі стан здароўя журналіста яго давялося перанесці. У ізалятары на вуліцы Акрэсціна Кірыл Пазняк перанёс COVID-19 і цяжкую пнеўманію, якая дала ўскладненні на лёгкія. Некалькі дзён ён правёў на апараце штучнага дыхання. Кірыл праходзіў лячэнне ў турэмным шпіталі.

Пакуль прысуд не набудзе законнай моцы, Кірыл Пазняк і ягоная дачка Яніна будуць знаходзіцца ў следчым ізалятары. Тэрмін утрымання пад вартай падчас следства суд залічыў з разліку дзень за паўтара.

Вясна/ав