Аксана Вальвачова нарадзілася ва ўкраінскай Вінніцы, але жыве ў Беларусі больш за 30 гадоў. Цяпер ёй 57 гадоў.
З пачатку 2019 года жанчына была зарэгістраваная як індывідуальная прадпрымальніца, а яе асноўным відам дзейнасці быў рознічны гандаль каўбаснымі вырабамі і вяндлінай у спецыялізаваных крамах Мінска. Цяпер яе бізнес знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі.
Аксана мае актыўную грамадзянскую пазіцыю і шмат камунікавала ў палітычных тэлеграм-чатах, асабліва пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне ў 2022 годзе. З адкрытых даных вынікае, што сілавікі пераследавалі яе менавіта за каментары ў сеціве. Першы раз мінчанку затрымлівалі яшчэ ў студзені 2024 года менавіта за каментары.
Сябе Вальвачова называла «ўкраінкай з акупаванага Мінска». Жанчына расказвала, што павесіла сцяг Украіны на сваім прылаўку пасля пачатку вайны, пакуль начальства не змусіла яго зняць.
Аксану Вальвачову асудзілі ў Мінскім гарадскім судзе. Яе прызналі вінаватай паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса Беларусі: ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы) і ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі).
Цяпер жанчына ў калоніі. Прысуд невядомы, але ч. 3 арт. 361 прадугледжвае пакаранне ад 3 да 12 гадоў калоніі.
Наша Ніва/ав