Увечары 28 чэрвеня ў цэнтры Менску загарэўся шасціпавярховы жылы дом на скрыжаванні вуліцаў Карла Маркса, 35 і Леніна, 11. Каля васьмі гадзінаў пажарнікі спрабавалі патушыць пажар у гістарычным будынку, які пабудавалі ў 1953 годзе падчас пасляваеннага аднаўлення цэнтра горада. Цяпер на першым паверсе будынку размяшчаюцца розныя офісы і грамадскія арганізацыі, сярод якіх найбольш вядомае — Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа.
У відэа, якія жыхары горада выкладалі ў сацсетках, можна заўважыць, што гарэў дах дома. На тушэнні пажару працавалі больш за 20 адзінак тэхнікі МНС, у тым ліку восем аўтапад’ёмнікаў, а таксама работнікі рэспубліканскага атраду спецыяльнага прызначэння «ЗУБР».
На месца пажару прыбыў міністр надзвычайных сітуацый Вадзім Сіняўскі, старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў, кіраўнік адміністрацыі Ленінскага раёна Раман Мельнік.
— Прынятая пастанова аб размяшчэнні грамадзянаў, якія маюць патрэбу, у інтэрнаце на тэрыторыі Ленінскага раёна, — сказаў Мельнік.
Прычыны пажару пакуль высвятляюцца.
яс