Савет Міжнароднага саюза канькабежцаў (МСК) дапусціў спартсменаў з Беларусі і Расіі да ўдзелу ў спаборніцтвах пад эгідай МСК і міжнародных спаборніцтвах у сезоне 2026/2027 у статусе індывідуальных нейтральных атлетаў, гаворыцца ў паведамленні арганізацыі ад 30 чэрвеня.
Удакладняецца, што спартсмены з гэтых краін «змогуць удзельнічаць у спаборніцтвах без дзяржаўных сімвалаў, а менавіта без нацыянальных сцягоў, нацыянальнай формы і выканання дзяржаўных гімнаў». Допуск будзе магчымы «пры адсутнасці доказаў парушэння спартсменамі патрабаванняў нейтральнага статусу, што пацвярджае прыярытэт прынцыпаў сумленнага спорту на лёдзе».
Пры гэтым квоты спартсменаў будуць «абмежаваны тымі ж умовамі, якія прымяняліся б, калі б абедзве федэрацыі-члены ўдзельнічалі ў сваім першым сезоне спаборніцтваў па канькабежным спорце». Тлумачыцца, што «гэта звязана з іх адсутнасцю на мерапрыемствах МСК на працягу перыяду, які перавышае максімальна дапушчальныя тры гады, і немагчымасцю назапашваць рэйтынгавыя ачкі ў гэты перыяд».
Заяўлена, што саюз «будзе пастаянна пераглядаць умовы правядзення сваіх спаборніцтваў і змякчыць абмежаванні толькі ў тым выпадку, калі пераканаецца ў адсутнасці рызык для бяспекі і спартыўнай сумленнасці».
— Пры гэтым МСК пакідае за сабой права зноў увесці або ўзмацніць абмежавальныя меры, калі такія рызыкі ўзнікнуць, — гаворыцца ў паведамленні.
Адзначаецца, што абмежаванні зняты толькі са спартсменаў, але працягваюць дзейнічаць у дачыненні да афіцыйных асоб з Беларусі і РФ. Разам з тым МСК «прызнае неабходнасць распрацоўкі механізму іх вяртання да выканання сваіх абавязкаў і ўжо працуе над такім планам».
МСК падкрэсліў, што пры прыняцці рашэння ўлічаны «змены ў алімпійскім руху і розныя падыходы іншых міжнародных спартыўных федэрацый, у тым ліку выпадкі, калі зняцце абмежаванняў прыводзіла да інцыдэнтаў на спаборніцтвах, а таксама ўдзел нейтральных спартсменаў у кваліфікацыйных алімпійскіх спаборніцтвах 2026 года ў Мілане і Корціна-д’Ампецца без якіх-небудзь звязаных з гэтым інцыдэнтаў».
Пад эгідай МСК праводзяцца спаборніцтвы па фігурным і сінхронным катанні, канькабежным спорце і шорт-трэку.
28 лютага 2022 года, праз некалькі дзён пасля пачатку падтрыманай афіцыйным Мінскам расійскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны, МАК заклікаў спартыўныя федэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў атлетаў з РФ і Беларусі. Гэтая рэкамендацыя была неадкладна і масава прынята да выканання, у выніку чаго расійскі і беларускі спорт аказаўся амаль у поўнай ізаляцыі.
28 сакавіка 2023 года МАК выпусціў заяву, у якой рэкамендаваў міжнародным федэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расіянам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах пры выкананні шэрага ўмоў.
7 мая 2026 года выканкам МАК заявіў, што «больш не рэкамендуе якія-небудзь абмежаванні на ўдзел беларускіх спартсменаў, уключаючы каманды, у спаборніцтвах, якія праводзяцца міжнароднымі федэрацыямі і арганізатарамі міжнародных спартыўных мерапрыемстваў».
Адзначалася, што МАК «адмяніў рэкамендаваныя ўмовы ўдзелу для міжнародных федэрацый і арганізатараў міжнародных спартыўных мерапрыемстваў ад 28 лютага 2022 года і 28 сакавіка 2023 года ў той частцы, якая тычыцца Беларусі і беларускіх спартсменаў».
Пасля гэтага аб допуску беларускіх спартсменаў на свае спаборніцтвы на роўных умовах з прадстаўнікамі іншых краін заявілі аб'яднанні па каратэ, гімнастыцы, фехтаванні, веласпорце, спартыўных танцах, більярдзе, водных лыжах, боксе, тайскім боксе, сучасным пяціборстве і валейболе, парусным спорце.
Захоўваюцца абмежаванні ў адносінах да беларускіх лёгкаатлетаў, тэнісістаў і іншых спартсменаў, а зборныя па футболе і футбольныя клубы па-ранейшаму праводзяць дамашнія міжнародныя афіцыйныя гульні на нейтральных палях.
Позірк/ав