Спецыяльны дакладчык ААН Нілс Муйжніекс выступіў 29 чэрвеня з дакладам аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі за перыяд з 1 красавіка 2025 да 31 сакавіка 2026 году.
Нядаўняе вызваленне палітычных зняволеных у Беларусі стварае ілюзію паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека ў краіне, дзе рэпрэсіі застаюцца сістэматычнымі, паведаміў агенцтву AFP спецыяльны дакладчык ААН па правах чалавека ў Беларусі Нілс Муйжніекс.
— Імаверна, палітычных зняволеных на душу насельніцтва больш, чым у любой іншай краіне свету, — заявіў ён агенцтву AFP у Жэневе.
Паводле паведамленняў няўрадавых арганізацый і органаў ААН, у Беларусі на гэты момант налічваецца 852 палітычныя зняволеныя, пра якіх вядома.
— Рэальная колькасць амаль напэўна значна большая, бо заканадаўства дазваляе вельмі шырока ўжываць рэпрэсіі, — сказаў Муйжніекс. — Колькі яшчэ палітзняволеных, мы не ведаем.
Муйжніекс заявіў, што Беларусь стала «вялікім наватарам і буйным лідарам у транснацыянальных рэпрэсіях». Ён сказаў, што Мінск адмаўляе ў консульскіх паслугах выгнаным грамадзянам, анулюе іх пашпарты, праводзіць суды над імі завочна, накіроўвае паведамленні ў Інтэрпол, канфіскуе іхную маёмасць і цісне на сваякоў, якія застаюцца ў Беларусі. Эксперт адзначыў, што людзі часта баяцца звяртацца да блізкіх, «баючыся рэпрэсій» супраць сваіх сем'яў.
— Я праводзіў маніторынг правоў чалавека ў 49 краінах і мушу сказаць, што ніколі не сустракаў краіны, дзе мы атрымліваем такія сістэматычныя паведамленні пра катаванні і жорсткае абыходжанне ў месцах пазбаўлення волі, — сказаў ён.
Афіцыйная прадстаўніца Беларусі мела магчымасць адказаць на даклад, але яе не было на гэтым пасяджэнні 62-й сесіі Рады правоў чалавека ААН у Жэневе.
Свабода/ав