Урад Эстоніі 2 ліпеня ўхваліў законапраект, які прадугледжвае забарону на набыццё нерухомасці грамадзянамі пэўных краін — з меркаванняў бяспекі, вынікае з паведамлення прэс-службы органа выканаўчай улады. Пра гэта піша «Позірк».
Дакумент надзяляе ўрад правам вызначаць краіны, «чыё валоданне нерухомасцю можа пагражаць бяспецы або грамадскаму парадку Эстоніі».
— Першапачаткова ў гэты спіс плануецца ўключыць Расію і Беларусь. Забарона закране грамадзян гэтых краін, якія не маюць дазволу доўгачасовага жыхара або пастаяннага права на пражыванне ў Эстоніі. Таксама абмежаванне распаўсюджваецца на кампаніі, зарэгістраваныя ў Расіі і Беларусі, і на юрыдычныя асобы незалежна ад краіны іх рэгістрацыі, калі іх фактычны бенефіцыяр трапляе пад дзеянне абмежаванняў, — гаворыцца ў паведамленні.
Абмежаванні мяркуецца распаўсюдзіць на набыццё кватэр, права забудовы і долевую ўласнасць на нерухомасць. Раней набытай маёмасці, арэнды або найму нерухомасці яны не закрануць. Акрамя таго, «у абгрунтаваных выключных выпадках» урад можа выдаць дазвол на набыццё нерухомасці, калі здзелка «не наносіць шкоды мэтам абмежавання».
Цяпер законапраект мае разгледзець парламент і, у выпадку прыняцця, падпісаць прэзідэнт. Калі дакумент паспяхова пройдзе гэтыя этапы, яго палажэнні набудуць моц 1 студзеня 2027 года.
вс