Святлана Ціханоўская знаходзіцца ў Гаазе, дзе на палях сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ была афіцыйна запушчаная міжпарламенцкая група «За дэмакратычную Беларусь», паведаміла прэс-служба дэмакратычнай лідаркі Беларусі.
Ініцыятыва аб'яднала 35 парламентарыяў з 17 краін, сярод іх — Швецыя, Украіна, Германія, Польшча, Латвія, Ісландыя, Нарвегія, Славенія, Чэхія, Харватыя, Фінляндыя, Італія, Малдова, Вялікабрытанія, Літва, Нідэрланды, Данія.
Парламенцкая група пры АБСЕ будзе каардынаваць падтрымку дэмакратычных сілаў і трымаць беларускае пытанне ў цэнтры ўвагі АБСЕ.
У сваім выступе Святлана Ціханоўская падзякавала парламентарыям за падтрымку Беларусі і адзначыла, што сёння падобныя групы ўжо дзейнічаюць у 22 нацыянальных парламентах. Яна падкрэсліла, што пытанне свабоднай Беларусі — гэта пытанне еўрапейскай бяспекі, а таксама заклікала не дапускаць нармалізацыі адносін з рэжымам Лукашэнкі без вызвалення палітвязняў і сістэмных дэмакратычных зменаў.
— Я цвёрда веру, што свабодная Беларусь змяніла б бяспеку ўсяго нашага рэгіёну. Яна больш не была б ваенным фарпостам Расіі. Яна больш не пагражала б Украіне ці Еўрапейскаму Саюзу. Замест гэтага яна стала б надзейным суседам, правераным еўрапейскім партнёрам і важным удзельнікам еўрапейскай бяспекі, — заявіла Святлана Ціханоўская.
аз