З 2020 года як мінімум за 9.914 чалавек сутыкнуліся ў Беларусі з палітычна матываваным крымінальным пераследам, як мінімум 8.590 з іх былі асуджаны (у тым ліку завочна), паведамляе «Позірк», спасылаючыся на звесткі штомесячнага агляду «Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Чэрвень 2026», падрыхтаванага цэнтрам «Вясна».
— Гэтыя паказчыкі працягваюць расці кожны месяц, хоць праваабаронцы істотна абмежаваныя ў магчымасцях атрымання інфармацыі пра пераслед, — адзначае «Вясна».
На канец чэрвеня ў няволі заставалася 859 палітычных зняволеных, у тым ліку 117 жанчын, гаворыцца ў аглядзе.
176 палітвязняў знаходзяцца «ў асабліва ўразлівым становішчы праз свой стан здароўя, узрост або абставіны зняволення».
Колькасць былых палітвязняў склала 3.867 чалавек (сярод іх 769 жанчын).
Шэраг палітвязняў утрымліваецца ў рэжыме інфармацыйнай ізаляцыі (інкамунікада), за кратамі застаецца трое затрыманых у непаўналетнім узросце: Дзмітрый Захарошка, Трафім Барысаў і Аляксандра Пуліновіч.
— Праваабаронцы працягваюць дакументаваць факты катаванняў і жорсткага абыходжання ў Беларусі. СІЗА КДБ застаецца самым закрытым і жорсткім месцам, дзе чалавека гатовыя ламаць любымі сродкамі, — адзначаюць праваабаронцы.
Злачынствы супраць чалавечнасці і грубыя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі працягваюцца, канстатуецца ў аглядзе, «яны не абмежаваліся 2020-м годам, яны маюць патрэбу ў расследаванні з наступным прыцягненнем вінаватых да адказнасці».
У няволі застаецца 147 палітвязняў, асуджаных за ўдзел у мірных акцыях пратэсту 2020–2021 гадоў (арт. 342 КК).
Праваабаронцам вядома мінімум пра 151 чалавека, асуджанага за «здраду дзяржаве» (арт. 356 КК).
— Гэта экстрэмальна высокі паказчык. Усяго паводле абвінавачвання ў дзяржаўнай здрадзе, шпіянажы і агентурнай дзейнасці з 2020 года асуджаны не менш за 185 чалавек, — паведамляе праваабарончы цэнтр.
За ахвяраванні (данаты) забароненым арганізацыям прыгаворана не менш за 159 чалавек.
У чэрвені ў «спіс тэрарыстаў» уключана 14 чалавек, у «спіс экстрэмістаў» — 95, на дзве пазіцыі павялічыўся пералік «экстрэмісцкіх фарміраванняў», пастаянна папаўняецца пералік «экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Паводле звестак праваабаронцаў, па «справе Беларускага Гаюна» (за перадачу інфармацыі аб расійскай вайсковай тэхніцы аднайменнаму тэлеграм-каналу) асуджана не менш за 200 чалавек.
— У Беларусі працягваецца жорсткі дзяржаўны тэрор, праз што сітуацыя з правамі чалавека ацэньваецца экспертамі як крытычная. Сістэмныя рэпрэсіі не слабеюць і па-ранейшаму накіраваныя супраць іншадумцаў, палітычных апанентаў, удзельнікаў пратэстаў, журналістаў і праваабаронцаў, — гаворыцца ў аглядзе.
Масавыя палітычныя рэпрэсіі працягваюцца ў Беларусі ўжо шэсць гадоў.
аз