Беларускія ўлады паведамілі пра рост колькасці замежных студэнтаў у краіне. Цяпер у беларускіх ВНУ навучаюцца каля 37 тыс. грамадзян іншых дзяржаў — за апошнія чатыры гады іх колькасць павялічылася прыкладна на 10 тыс. Пра гэта паведаміў міністр адукацыі Андрэй Іванец. Кожны трэці замежны студэнт у Беларусі — грамадзянін Кітая. Таксама шмат моладзі прыязджае з краін Цэнтральнай Азіі, Шры-Ланкі і Афрыкі.
Пры гэтым міжнародныя эксперты адзначаюць, што ў самой Беларусі працягвае скарачацца колькасць айчынных студэнтаў, а ўсё больш маладых беларусаў выбіраюць навучанне за мяжой.
На гэтым фоне паказальныя даныя Польшчы. Паводле афіцыйнай статыстыкі, у 2025 годзе там навучаліся 108,6 тысячы замежных студэнтаў са 179 краін, што складае 8,5 % ад агульнай колькасці студэнтаў. Найбуйнейшыя групы — грамадзяне Украіны (каля 47,5 тысячы) і Беларусі (каля 12,2 тысячы). Пры гэтым, нягледзячы на рэкордную колькасць замежных студэнтаў, колькасць новых набораў у польскія ВНУ пачала скарачацца.
эж