Беларуская Служба

Беларусь праводзіць вайсковыя зборы на мяжы з Украінай і Польшчай

07.07.2026 11:12
«Планавыя навучальныя зборы» з ваеннаабавязанымі з тэрытарыяльных войскаў Маларыцкага і Драгічынскага раёнаў (Брэсцкая вобласць) пройдуць 7–31 ліпеня, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны РБ.
Ілюстрацыйнае фотаМинистерство обороны Республики Беларусь/t.me/modmilby

У рамках збораў плануецца ажыццявіць «прыём ваеннаабавязаных і іх усебаковае забеспячэнне, аднаўленне навыкаў каманднага складу ў кіраванні падначаленымі, падрыхтоўку ваеннаабавязаных да выканання задач у адпаведнасці са службовым прызначэннем, адпрацоўку пытанняў фармавання, падрыхтоўку і выкарыстання атрадаў народнага апалчэння».

Заяўлена, што асноўная ўвага будзе нададзеная «адпрацоўцы задач тэрытарыяльнай абароны ў ходзе рэалізацыі захадаў ваеннага становішча з адпрацоўкай пытанняў абароны асабовага складу і абʼектаў ад беспілотных лятучых апаратаў».

Варта адзначыць, што абодва згаданыя раёны мяжуюць з Валынскай вобласцю Украіны. Акрамя таго, ад заходняй ускраіны Маларыцкага раёну да мяжы з Польшчай — каля 10 кіламетраў, Драгічынскага раёну — каля 75 км.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны (напад пачаўся ў тым ліку з беларускай тэрыторыі). На гэтым фоне ў краіне практычна безупынна праводзяцца вайсковыя вучэнні. Апошнім часам Аляксандр Лукашэнка ўсё часцей заяўляе, што Беларусь «рыхтуецца да вайны».

У той жа час Кіеў у апошні час заняў больш жорсткую пазіцыю ў дачыненні да Мінска. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі публічна запатрабаваў ад беларускіх уладаў неадкладна спыніць любую падтрымку Расіі.

6 ліпеня генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ на прэс-канферэнцыі напярэдадні саміту арганізацыі заклікаў «не мець ілюзіяў адносна ролі, якую адыгрывае Беларусь».

— Я маю на ўвазе, што яна знаходзіцца пад вялікім уплывам Расіі, Масквы. Таму, на мой погляд, тое, што адбываецца ў Мінску, ў значнай ступені прадыктавана, калі можна так сказаць, Пуціным, — сказаў ён.

Крыніца: Позірк/юл