Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Урад Беларусі на фонe паліўнага крызісу ў Расіі ўдвая знізіў экспартныя стаўкі на нафтапрадукты

09.07.2026 12:50
Вывазныя мыты ўводзяць або мяняюць у асноўным для рэгулявання ўнутранага рынку і папаўнення бюджэту.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. IADE-Michoko/pixabay.com/CC0

Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын падпісаў пастанову аб змяншэнні ставак вывазнога мыта на нафтапрадукты. Мінулы раз іх зменшылі месяц таму, нагадвае «Свабода».

Як вынікае з пастановы, апублікаванай на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі, мыта на вываз звадкаваных вуглевадародных газаў знізілі з 130,2 да 69,5 долара за адну тону (да 1 траўня дзейнічала стаўка 5,2 долара за адну тону, а да 1 чэрвеня — 131,6), а на этан, бутан і ізабутан  з 117,1 долара за тону да 62,5 долара (да 1 траўня дзейнічала стаўка 4,6 долара за тону, а да 1 чэрвеня  118,4).

Як і мінулым разам, пастанову ўхвалілі пазней, чым прызначылі дату ўжывання новых ставак: іх будуць выкарыстоўваць з 1 ліпеня, а дакумент ухвалілі 7 ліпеня і апублікавалі 9 ліпеня.
Да красавіка 2026 года ў Беларусі дзейнічалі нулявыя стаўкі вывазнога мыта на нафтапрадукты. Іх скасавалі пастановай ураду ад 13 красавіка.

Вывазныя мыты ўводзяць або мяняюць у асноўным для рэгулявання ўнутранага рынку і папаўнення бюджэту. Увядзенне і павелічэнне мыта робіць экспарт для вытворцаў нафтапрадуктаў нявыгадным і прымушае іх пастаўляць больш прадукцыі на ўнутраны рынак, каб знізіць дэфіцыт паліва і стрымаць рост цэн на бензін і дызельнае паліва.

Паводле экспертаў, павелічэнне ставак мыта стымулюе перапрацоўку нафты ўнутры краіны, а не вываз сыравіны і цёмных нафтапрадуктаў (мазуты).

Раней расійскія выданні пісалі, што новая экспартная палітыка ўладаў Беларусі можа прывесці да росту цэн для замежных пакупнікоў беларускіх нафтапрадуктаў.

Беларусь  адзін з найбуйнейшых прадаўцоў звадкаваных вуглевадародных газаў у рэгіёне СНД. Гэтае паліва выкарыстоўваюць для аўтамабіляў, а таксама як сыравіну ў нафтахімічнай вытворчасці.

Увод мытаў у Беларусі адбываецца падчас інтэнсіўных удараў украінскіх войскаў па нафтаперапрацоўчых аб’ектах на тэрыторыі Расіі, што прывяло да дэфіцыту паліва ў некалькіх расійскіх рэгіёнах.

Пастаўкі нафтапрадуктаў з Беларусі ў Расію ў чэрвені 2026 года дасягнулі гістарычнага максімуму  141 тысяча тон за першыя 25 дзён. Аднак ужо ў пачатку ліпеня продаж беларускіх нафтапрадуктаў рэзка скараціўся, бо заводы распрадалі ўсе ліпеньскія аб’ёмы, а экспарт праз біржу стаў нявыгадным праз цэнавую стэлю.

У Беларусі працуюць два нафтаперапрацоўчыя заводы — Мазырскі і Новаполацкі. Абодва прадпрыемствы перапрацоўваюць ад 12 да 24 мільёнаў тон нафты на год, але іх здольнасці павялічваць аб’ём вытворчасці абмежаваныя рэсурснай базай.

Беларусь пастаўляла ў Расію тыя нафтапрадукты, якія першапачаткова прызначаліся для экспарту ў краіны Цэнтральнай Азіі. Пасля піку рэалізацыі аб’ёмы паліва знізіліся з больш, чым 7 тысяч тон да сотняў тон на содні, што выклікала павелічэнне гуртавых цэнт на бензін АІ-92 да 140–142 тысяч рублёў за тону.

аз