Памежная застава ў Мельніку на мяжы з Беларуссю адзначыла 30-годдзе працы. За гэты час змяніліся абавязкі яе супрацоўнікаў, іх колькасць і ўмовы службы.
Як успамінаюць памежнікі, найбольш напружанымі былі апошнія гады, калі ўзмацніўся міграцыйны крызіс на мяжы з Беларуссю.
— З моманту, калі я пачынаў службу ў Мельніку, шмат што змянілася. Раней усё было зусім інакш. Хоць першыя каналы кантрабанды людзей тады ўжо арганізавалі в'етнамцы, — кажа першы камандзір памежнай заставы ў Мельніку Ежы Паўлучук.
Застава ў Мельніку выконвае свае задачы на ўзорным узроўні. У мінулым годзе ейныя супрацоўнікі дасягнулі аднаго з самых высокіх паказчыкаў раскрыцця памежных злачынстваў.
— Міграцыйны ціск апошнім часам значна знізіўся. У нас амаль няма спробаў нелегальнага перасячэння мяжы, хоць мы працягваем выконваць задачы, звязаныя з аховай дзяржаўнай мяжы і забяспечваем бяспеку нашых грамадзян, — кажа камандзір памежнай заставы ў Мельніку, капітан Славамір Рышчук.
Падчас урачыстасці быў адкрыты помнік, які быў усталяваны побач з сядзібай гмінных уладаў у Мельніку.
У заставе ў Мельніку служаць каля 60 функцыянераў. Іх галоўная місія — ахоўваць 18,5-кіламетровы ўчастак мяжы паміж Польшчай і Беларуссю.
IAR/аз