Беларусаў, якія трапілі на ўлік за ўдзел у акцыях пратэсту ці іншую палітычную актыўнасць, а таксама ўсіх, хто доўгі час быў за мяжою, педантычна правяраюць на мяжы па вяртанні ў Беларусь. Але цяпер за «экстрэмісцкія» падпіскі звычайна не адпраўляюць на суткі — прынамсі, калі чалавек на такім трапіўся ўпершыню.
Падыход змяніўся каля двух месяцаў таму. «Нашай Ніве» вядома пра некалькі выпадкаў, калі ў людзей знаходзілі ў мабільніках выпадкова пакінутыя падпіскі на незалежныя медыярэсурсы ці акаўнты палітычных актывістаў, прызнаныя «экстрэмісцкімі», адвозілі ў РУУС, там выпісвалі папярэджанне і гэтым абмяжоўваліся.
— Калі б вы з такім ехалі раней, адправілі б на суткі, а цяпер такое распараджэнне, — казалі спецслужбісты на мяжы.
Пры гэтым невядома, ці абмяжоўваюцца папярэджаннем, калі ў чалавека знайшлі забароненыя падпіскі паўторна.
Сама праверка тэлефона праходзіць даволі дэталёва — вывучаюць галерэю фота, падпіскі і чаты ў тэлеграме, падпіскі ў інстаграме.
Крыніца: Наша Ніва/юл