У Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы пачынаюць праектаванне рэстаўрацыі ўнікальнага помніка драўлянага дойлідства XVIII стагоддзя — Свята-Троіцкай царквы і званіцы, перавезеных з вёскі Вялец Глыбоцкага раёну.
На сайце дзяржаўных закупак прадпрыемства «АФЕЛІНА інжынірынг» шукае тых, хто распрацуе праектную дакументацыю на рэстаўрацыю. Тэрмін выканання праектных работ пазначаны з ліпеня па кастрычнік 2026 года.
Гістарычны комплекс уяўляе сабой прамавугольны зруб пад двухсхільным дахам, завершанай макаўкай, і асобна пастаўленую двухʼярусную чатырохгранную званіцу. Згодна з тэхнічным заданнем, якое зацвердзіў дырэктар музея, гістарычная планіроўка будынкаў застанецца без змен.
У тэхнічным заданні прапісаны беражлівы рамонт з выкарыстаннем метаду пратэзавання бярвення і лакальнай заменай трухлявай шалёўкі. Усю драўніну абавязалі апрацаваць вогнебіяахоўнымі саставамі.
Да царквы і званіцы падвядуць электрычнасць. Унутры царквы і званіцы змантуюць схаваную праводку або адкрытую ў дэкаратыўных кабель-каналах, што патрабуе ўзгаднення з навуковым кіраўніком. Акрамя гэтага, будынкі абсталююць унутраным і вонкавым відэаназіраннем, сістэмай апавяшчэння аб пажары і электрычным ацяпленнем. Фасады атрымаюць архітэктурную падсветку.
Змены закрануць і прылеглую тэрыторыю экспазіцыйнай зоны. Вакол помніка пракладуць сетку ходнікаў, паставяць драўляныя лаўкі і ўрны.
Побач запраектуюць каркасны або модульны пост аховы, лёгкі сувенірны павільён і ўсесезонны грамадскі туалет з пандусам для фізічна аслабленых асоб.
Крыніца: Спадчына/юл