Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

ЕС павінен забараніць праводзіць спаборніцтвы з удзелам спартсменаў з Беларусі і РФ — кіраўнік МЗС Літвы

13.07.2026 12:00
Допуск агрэсара да ўдзелу ў спаборніцтвах пад «нейтральным сцягам» — гэта паступовая нармалізацыя адносінаў, перасцерагае Кястуціс Будрыс.
 .
Ілюстрацыйны здымак.фота: Pixabay.com/Anncapictures

— Паняцце нейтралітэту апынулася змяшаным з нармалізацыяй агрэсіі, такое нельга дазваляць,  такім чынам міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс пракаментаваў нядаўнія рашэнні Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) аб зняцці абмежаванняў з Беларусі і Расіі, паведамляе «Позірк».

Кіраўнік літоўскай дыпламатыі выказаўся на гэты конт 13 ліпеня ў Бруселі перад пасяджэннем Савета міністраў замежных спраў дзяржаў-членаў Еўрасаюза.

На яго думку, «допуск агрэсара да ўдзелу не з’яўляецца нармальнай нейтральнай пазіцыяй  гэта проста наданне агрэсару магчымасці ўдзельнічаць у міжнародным жыцці, аслабленне яго міжнароднай ізаляцыі».

 Мы будзем дамагацца асобнага абмеркавання гэтага пытання і імкнуцца да таго, каб Еўрапейскі саюз прыняў рашэнне, згодна з якім аніводная дзяржава  член ЕС не праводзіла б спартыўныя спаборніцтвы, у якіх удзельнічаюць расійскія або беларускія спартсмены,  сказаў Будрыс.  Бо мы бачым, як увесь гэты рэжым паступова вяртаецца: спачатку культурныя мерапрыемствы  зусім нядаўна мы гэта ўбачылі на Венецыянскай біенале (Расія арганізавала свой павільён; Беларусь як дзяржава не была прадстаўленая, але быў маштабны незалежны беларускі павільён.  «Позірк».), цяпер спартыўныя спаборніцтвы.  Што ж атрымліваецца  усё ў парадку, у Еўропе нічога не адбываецца? Можна вярнуцца да ранейшай практыкі? Літва кажа: не, нельга. Мы павінны цвёрда прытрымлівацца гэтай пазіцыі,  дадаў ён.

28 лютага 2022 года, неўзабаве пасля пачатку поўнамаштабнай агрэсіі РФ супраць Украіны, Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) заклікаў міжнародныя спартыўныя федэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў атлетаў з РФ і Беларусі. Гэтая рэкамендацыя была неадкладна і масава прынятая да выканання, у выніку чаго расійскі і беларускі спорт апынуўся амаль у поўнай ізаляцыі.

28 сакавіка 2023 года МАК апублікаваў заяву, у якой рэкамендаваў міжнародным федэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расіянам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах у якасці індывідуальных нейтральных спартсменаў, без адпаведнай дзяржаўнай сімволікі.

7 ліпеня 2026 года МАК зняў усе абмежаванні з Расіі і аднавіў у правах нацыянальны алімпійскі камітэт краіны. За два месяцы да гэтага, 7 траўня, выканкам МАК заявіў, што «больш не рэкамендуе ніякіх абмежаванняў на ўдзел беларускіх спартсменаў, уключаючы каманды, у спаборніцтвах, якія праводзяцца міжнароднымі федэрацыямі і арганізатарамі міжнародных спартыўных мерапрыемстваў».

Пасля гэтага пра допуск беларускіх спартсменаў да сваіх спаборніцтваў на роўных умовах з прадстаўнікамі іншых краін заявілі аб’яднанні па каратэ, гімнастыцы, фехтаванні, веласпорце, спартыўных танцах, більярдзе, водных лыжах, боксе, тайскім боксе, сучасным пяцібор’і і валейболе, парусным спорце, барацьбе, цяжкай атлетыцы, а таксама Міжнародная федэрацыя студэнцкага спорту, пад эгідай якой у 2027 годзе адбудуцца летняя і зімовая ўніверсіяды.

Пры гэтым захаваныя абмежаванні ў дачыненні да лёгкаатлетаў, тэнісістаў, біятланістаў і прадстаўнікоў іншых відаў спорту.

Нацыянальны алімпійскі камітэт (НАК) Украіны сумесна з Міністэрствам моладзі і спорту краіны і нацыянальнымі спартыўнымі федэрацыямі цягам траўня і чэрвеня 2026 года накіравалі ў міжнародныя федэрацыі 30 афіцыйных лістоў з просьбай не дапускаць да спаборніцтваў спартсменаў з Беларусі і Расіі пад дзяржаўнымі сцягамі, гімнамі ды іншай нацыянальнай сімволікай.

аз