У Беларусі неабходна настойліва пераходзіць на ацяпленне пелетамі, а прыродны газ і іншыя віды паліва выкарыстоўваць толькі як рэзерв. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў падчас рабочай паездкі ў Шклоўскі раён, дзе наведаў рэканструяваны аграсэрвіс, піша БелТА, на што звярнула ўвагу Наша Ніва.
Лукашэнцы паведамілі, што кацельня аграсэрвісу працуе на драўняных пелетах.
— Правільна. Паступова, настойліва трэба пераходзіць на ацяпленне пелетамі, дровамі і іншым. Вось у палякаў цяпер завоблачныя цэны на пелеты. Не купляюць у Беларусі гэтую прадукцыю. Ну, як хочаце. Пелеты патрэбны тут. Трэба ацяпляць імі ў Беларусі, — сказаў ён.
Ён падкрэсліў, што ў Беларусі ёсць вялікая колькасць мясцовай драўнянай сыравіны, якую неабходна эфектыўна перапрацоўваць і выкарыстоўваць.
— Мы гэта ўмеем рабіць. Заводаў у нас дастаткова. Таму пелеты і яшчэ раз пелеты. Прыродны газ або іншая крыніца паліва — толькі як рэзерв, — падсумаваў Аляксандр Лукашэнка.
яс