Паводле Сашы Філіпенкі, сілавікі часам наведваюцца да яго дадому і турбуюць блізкіх.
—Апошні раз да мяне чамусьці прыходзілі ў сувязі з тым, што я таксама навучаўся ў ЕГУ (...) хаця я адвучыўся ў ЕГУ толькі першы курс (калі ЕГУ быў у Мінску. — рэд.), — сказаў пісьменнік.
Сілавікі таксама ўжываюць рэпрэсіі за яго літаратурную дзейнасць і звялі крымінальную справу за тое, што Філіпенка ў інтэрв'ю размаўляў пра сваю кніжку «Слон», якая ўнесена ў лік «экстрэмісцкіх».
Пісьменнік кажа, што беларусы жывуць нібы ў сюррэалізме.
— Калі пачынаеш размаўляць з роднымі пра тое, (...)як прайшоў новы ператрус, памятаю, што маці казала: «А, ну ў гэты раз добры ператрус быў», — адзначыў Філіпенка.
Паводле праваабаронцаў «Вясны», з пачатку чэрвеня па ўсёй Беларусі разгортваецца маштабны пераслед, звязаны з Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам. У Беларусі ўніверсітэт прызналі экстрэмісцкай арганізацыяй і распачалі крымінальную справу за спрыянне «экстрэмісцкай дзейнасці» і яе фінансаванне (пад фінансаваннем маецца на ўвазе аплата за навучанне). Да людзей прыходзяць з ператрусамі, допытамі і выклікаюць на размовы ў КДБ.
У лютым 2026 года Саша Філіпенка паведаміў, што ў ягоным доме правялі ператрус у межах крымінальнай справы паводле арт. 361 ч. 2 («Заклікі да захадаў абмежавальнага характару (санкцыяў), іншых дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі»).
У абгрунтаванні да крымінальнай справы гаворыцца, што «падазраваны Філіпенка Аляксандр Аляксандравіч паўторна, выкарыстоўваючы інтэрнэт, даў інтэрвʼю пад назвай «Забароненыя кнігі ў Беларусі: чаму нельга чытаць раманы Сашы Філіпенкі і як усё-такі прачытаць?» на канале «Обычное утро»».
яс