Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Лукашэнка загаварыў пра аднаўленне адносін з Францыяй

14.07.2026 11:06
Беларускі дыктатар павіншаваў «простых грамадзян Францыі» з Нацыянальным святам, але ўстрымаўся ад таго, каб персанальна павіншаваць французскага прэзідэнта.
Аляксандр ЛукашэнкаREUTERS

Пра вялікую павагу беларусаў да «простых грамадзян Францыі, якія застаюцца вернымі сваім духоўным караням, абароненым продкамі прынцыпам справядлівасці і роўнасці», заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 14 ліпеня французскі народ з Нацыянальным святам.

На думку віншавальніка, якую прыводзіць яго прэс-служба, «такія глыбінныя каштоўнасці, як права на ўласную ідэнтычнасць і незалежнасць, прыхільнасць да сяброўства, бяспекі і стваральнай працы на сваёй зямлі, абʼядноўваюць» два народы «і зʼяўляюцца надзейным фундаментам для аднаўлення беларуска-французскай супрацы па ўсіх кірунках».

Пры гэтым — Лукашэнка ўстрымаўся ад таго, каб персанальна павіншаваць кіраўніка краіны, якую рэжым адносіць да ліку «недружалюбных», нягледзячы на сваю нядаўнюю тэлефонную размову з прэзідэнтам Францыі Эманюэлем Макронам і візіт у Мінск кіраўніка французскай выведкі Нікаля Лярнера.

Імаверна, гэта звязана, у тым ліку, з паслядоўнай падтрымкай Парыжам санкцый ЕС у дачыненні да рэжыму, хоць Лукашэнка і адзначыў у тым жа віншаванні, што «векавыя гістарычныя сувязі» паміж дзвюма краінамі «немагчыма скасаваць рашэннямі брусельскіх бюракратаў».

Акрамя таго, згаданыя кантакты французскага боку і беларускага рэжыму, як было заяўлена ў СМІ Францыі, звязаныя не з імкненнем афіцыйнага Парыжа наладзіць стасункі з Мінскам, а з жаданнем папярэдзіць Лукашэнку пра магчымыя наступствы для Беларусі ў выпадку яе прамога ўдзелу ў вайне Расіі супраць Украіны або выкарыстання беларускай тэрыторыі для дзеянняў, у тым ліку «звязаных з ядзернай зброяй».

Крыніца: «Позірк»/юл