Інфармацыю пра рэпрэсіі, што працягваюцца ў Беларусі, а таксама пра трансгранічныя злачынствы рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў дачыненні да беларусаў, якія жывуць у Польшчы, перадаў кіраўніку Бюро міжнароднай палітыкі Канцылярыі прэзідэнта Польшчы Марціну Пшыдачу намеснік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Павел Латушка.
Прэс-служба АПК паведаміла, што ў сустрэчы таксама ўзяў удзел дырэктар віленскага офіса Святланы Ціханоўскай і яе дарадчык па дыпламатычных пытаннях Дзяніс Кучынскі, піша «Позірк».
Адзначаецца, што Латушка і Кучынскі «падкрэслілі важнасць працягу палітыкі ціску на рэжым Лукашэнкі, бо ён не мяняе сваёй унутранай рэпрэсіўнай палітыкі, а таксама працягвае падтрымліваць агрэсію супраць Украіны».
У развіццё апошняй тэзы Латушка «перадаў польскаму боку інфармацыю пра дзеянні рэжыму, звязаныя з падрыхтоўкай да ўдзелу ў гарачай фазе агрэсіі супраць Украіны».
Паведамляецца, што «польскаму боку было прадстаўлена бачанне правядзення нацыянальнага дыялогу ў Беларусі з выкарыстаннем механізма круглага стала». Як паказаў «досвед гістарычных падзей 1989 года ў Польшчы», гэты інструмент «дапамог польскаму народу перайсці ад дыктатуры да сучаснай еўрапейскай дэмакратыі», канстатавалі візіцёры.
Латушка і Кучынскі таксама «адзначылі важнасць таго, што ў Польшчы захоўваецца адзіны падыход прэзідэнта краіны і ўрада да падтрымкі дэмакратычных сіл і будучых дэмакратычных перамен у Беларусі». Яны «перадалі словы падзякі» на адрас польскага прэзідэнта Караля Наўроцкага «за падтрымку свабоднай і дэмакратычнай Беларусі».
вс