Еўрапейская камісія разгледзіць заклік дзевяці краін, у тым ліку Польшчы, аб фінансавых санкцыях за допуск спартсменаў з Расіі і Беларусі да спаборніцтваў. Гаворка ідзе пра пазбаўленне фінансавання ЕС спартыўных федэрацый, якія дазваляюць расійскім і беларускім спартсменам вяртацца да міжнародных спаборніцтваў.
Заклік звязаны з рашэннем Міжнароднага алімпійскага камітэта, які адмяніў забарону, уведзеную пасля расійскага ўварвання ва Украіну.
Пазіцыя Еўрапейскай камісіі адносна вяртання спартсменаў з Расіі і Беларусі адназначная.
— Мы сказалі, што не згодныя з гэтым рашэннем, — падкрэсліла прэс-сакратар Камісіі Анна-Кайса Ітконен.
Яна паведаміла, што было даручана правесці перагляд фінансавання міжнародных федэрацый з боку ЕС.
— Мы разгледзім гэтае пытанне, у тым ліку ў кантэксце атрыманага ліста 9-ці краін, і прааналізуем фінансаванне, — сказала прэс-сакратар Камісіі.
Брусельская карэспандэнтка Польскага радыё Бэата Пламэцка пагаварыла з высокапастаўленымі чыноўнікамі Камісіі па гэтым пытанні. Яны пацвердзілі, што фінансаванне ЕС не з'яўляецца настолькі вялікім, каб паставіць на калені міжнародныя федэрацыі, але звярнулі ўвагу на сімвалізм гэтага жэсту і адназначны супраціў.
У сваім лісце дзевяць краін падкрэслілі, што рашэнне вярнуць спартсменам з Расіі і Беларусі магчымасць удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах супярэчыць еўрапейскім каштоўнасцям.
— Сцвярджэнні, што спорт можна аддзяліць ад палітыкі, гучаць крывадушна ў той час, калі тысячы нявінных украінцаў былі забітыя, а рэжымы Расіі і Беларусі працягваюць выкарыстоўваць спорт у палітычных мэтах, — гаворыцца ў лісце.
IAR/яс