Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Былога заснавальніка баранавіцкай газеты судзілі па чатырох палітычных артыкулах

17.07.2026 15:34
Перад гэтым ён зняўся ў прапагандысцкім фільме БТ і цішком вярнуўся ў Беларусь праз дзяржаўную камісію па вяртанні.
Анатоль Вайцяхоўскі ў прапагандысцкім фільме БТScreenshot z Youtube

У міліцэйскім «спісе экстрэмістаў» з’явілася імя актывіста Анатоля Вайцяхоўскага, які ў пачатку года вярнуўся ў Беларусь з палітычнай эміграцыі, піша выданне «Наша Ніва».

Перад гэтым ён разам са сваім суседам Уладзімірам Усерам здымаўся ў прапагандысцкім фільме БТ. А пасля смерці Усера Вайцяхоўскі напісаў у камісію па вяртанні. Проста на мяжы ён даў яшчэ адно інтэрвʼю БТ.

Выданне высветліла, што ў Беларусі Вайцяхоўскага ўсё адно асудзілі і адразу па чатырох палітычных артыкулах: «Заклікі да санкцый», «Паклёп на Лукашэнку», «Абраза Лукашэнкі», «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

Мінімум, які ён мог атрымаць па гэтых артыкулах — чатыры гады калоніі. Аднак Вайцяхоўскаму далі хатнюю хімію.

Тым не менш ён застаецца «экстрэмістам» з усімі абмежаваннямі, якія вынікаюць з гэтага статусу.

Да паслявыбарчых пратэстаў 2020 года Вайцяхоўскі з сям’ёй жыў у Баранавічах, пэўны час працаваў на раённым вузле электрасувязі. У сярэдзіне 1990‑х Вайцяхоўскі стаў адным з заснавальнікаў мясцовай газеты «Шаг». Гэта адна з першых прыватных газет горада і некалі адна з самых папулярных, яе наклад сягаў 11 тысяч экзэмпляраў. Пазней яна перафарматавалася ў чыста рэкламную. У пачатку 2000‑х Вайцяхоўскі сышоў з журналістыкі, стаў прадпрымальнікам. Ён займаўся медыцынай і таварамі для здароўя.

У 2023 годзе Вайцяхоўскага затрымаў ГУБАЗіК — за тое, што Анатоль пакідаў у тэлеграме каментары супраць расійскага ўварвання ва Украіну і гвалту сілавікоў, але калі яго выпусцілі, ён аператыўна эвакуяваўся за мяжу пры дапамозе «Байсола».

Крыніца: «Наша Ніва»/юл