Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Мінчука асудзілі на 5 гадоў «хатняй хіміі» за данаты фондам салідарнасці

22.07.2026 17:11
Агулам па сукупнасці з яшчэ адным артыкулам мужчыне прызначылі пяць гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову («хатняй хіміі»).
.
.Photo:ErikaWittlieb/CC0 Public Domain/pixabay.com

Мінскі гарадскі суд вынес прысуд жыхару сталіцы, якога абвінавацілі ў «фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці» за невялікія ахвяраванні ў фонды салідарнасці. 

Як паведаміла прэс-служба пракуратуры 21 ліпеня, у 2020 і 2022 гадах мінчук са сваіх банкаўскіх картак перавёў 5 долараў і 10 еўра на рахункі ініцыятыў «Фонд салідарнасці BYSOL» і «Беларуская Рада культуры» (ByCulture), якія беларускія ўлады прызналі «экстрэмісцкімі фармаваннямі». Дзеянні мужчыны кваліфікавалі паводле ч. 1 арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса. У пракуратуры адзначылі, што інфармацыю пра магчымасць пераводу сродкаў абвінавачаны знайшоў у сацыяльнай сетцы Facebook.

Акрамя палітычнага артыкула, мінчука таксама абвінавацілі ў незаконным набыцці, захоўванні і перавозцы зброі (ч. 2 арт. 295 КК). Згодна з версіяй абвінавачвання, у снежні 2024 года мужчына набыў на маркетплэйсе рэвальвер «БУЛЬДОГ» (прызначаны для стральбы гумовымі кулямі), які экспертыза прызнала агнястрэльнай зброяй траўматычнага дзеяння. Зброю абвінавачаны захоўваў і перавозіў у сваім аўтамабілі.

У выніку па сукупнасці абвінавачванняў Мінскі гарадскі суд прызначыў мужчыне пакаранне ў выглядзе пяці гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатнюю хімію»). Акрамя таго, паводле рашэння суда ён мусіць выплаціць штраф у памеры 100 базавых велічынь, што складае 4 500 рублёў.

Таксама суд пастанавіў прымяніць спецыяльную канфіскацыю. Акрамя самога рэвальвера, на карысць дзяржавы быў канфіскаваны аўтамабіль абвінавачанага як «сродак здзяйснення злачынства».

Паведамляецца, што судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага Суда разгледзела апеляцыю і пакінула прысуд Мінскага гарадскога суда без зменаў. Рашэнне ўступіла ў законную сілу.

Вясна/ав