Суд прызначыў ім па шэсць гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а таксама штраф у памеры 500 базавых велічыняў кожнаму. Мужчын абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фармаванні).
Затрыманне і крымінальны пераслед фігурантаў звязаныя з рашэннем Камітэта дзяржаўнай бяспекі ад 30 ліпеня 2025 года аб прызнанні кааліцыі ініцыятыў Green Network «экстрэмісцкім фармаваннем». У спіс праектаў, аб'яднаных гэтай назвай, улады ўключылі ініцыятывы Belarus Beehive, «Зялёны Партал» і грамадскае абʼяднанне «Экадом». Пра Герасімовіча і Мількамановіча таксама вядома, што яны з’яўляюцца заснавальнікамі беларускай стартап-школы Malimon.
Падчас следства меркавалася, што дзеянні Мількамановіча і Герасімовіча могуць быць кваліфікаваныя паводле арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), але канчатковы прысуд быў вынесены за ўдзел у названым фармаванні.
Дакладныя акалічнасці крымінальнай справы і падрабязнасці судовага працэсу на дадзены момант застаюцца невядомымі.
Вясна/ав