Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

У новым доме, які прызначаўся для шматдзетных, больш за палову кватэр атрымалі супрацоўнікі Службы бяспекі

28.07.2026 12:51
Раней мінскія ўлады заяўлялі, што ўсе пяць шматпавярховікаў прызначаныя для грамадзян, якія стаяць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў.
   .
Новабудоўлі на вуліцы Валгаградскай.Фота: ДВА «Мінскбуд», Telegram

У Мінску замест шматдзетных сем’яў у новы жылы дом засялілі супрацоўнікаў Службы бяспекі Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта паведамляе выданне «Люстэрка», якое правяло ўласнае расследаванне.

Паводле звестак журналістаў, у доме № 74 на вуліцы Валгаградскай больш за палову кватэр надежаць супрацоўнікам Службы бяспекі. Каля двух дзясяткаў жылых памяшканняў знаходзяцца ў аператыўным кіраванні гэтай структуры, а сярод новых уласнікаў — дзясяткі супрацоўнікаў, у тым ліку асабістыя целаахоўнікі Лукашэнкі. Іх асобы журналісты ідэнтыфікавалі з дапамогай адкрытых крыніц, фотаздымкаў з афіцыйных мерапрыемстваў і інфармацыі з уцечак баз даных.

Дом уваходзіць у новы квартал, які будавалі ў 2023–2025 гадах. Раней мінскія ўлады заяўлялі, што ўсе пяць шматпавярховікаў прызначаныя для грамадзян, якія стаяць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў, у першую чаргу для шматдзетных сем’яў. Аднак для дома № 74, у адрозненне ад астатніх, журналісты не знайшлі праектнай дэкларацыі з такімі ўмовамі.

Паводле расследавання, многія супрацоўнікі Службы бяспекі набылі кватэры з выкарыстаннем льготных крэдытаў ад «Беларусбанка». Некаторыя пасля атрымання жылля ўжо выставілі яго на продаж па цэнах, якія значна перавышаюць першапачатковы кошт.

Расследаванне таксама паказвае, што разам са службоўцамі ў доме атрымалі кватэры асобныя супрацоўнікі МУС і Мінгарвыканкама, а некалькі кватэр былі перададзены Аператыўна-аналітычнаму цэнтру пры Лукашэнку.

нг