15 чалавек, якія пацярпелі ўвечары 12 жніўня ў ДТЗ у Грузіі, знаходзяцца ў мясцовых бальніцах, паведамляюць дзяржСМІ са спасылкай на Міністэрства замежных спраў Беларусі, перадае Позірк.
Паводле прадстаўленай МУС Грузіі інфармацыі, кіроўца мікрааўтобуса з’ехаў з дарогі і зваліўся ў цясніну.
Чатыры чалавекі загінула ў ДТЗ на горным курорце Гомісмта (рэгіён Гурыя). Мікрааўтобус ехаў уніз, калі ў яго ўзніклі праблемы з тармазамі.
За рулём быў грамадзянін Грузіі, пагрозы яго жыццю няма.
Пацярпелыя дастаўлены ў бальніцы гарадоў Азургеці і Чахатуры, 11 — у Рэспубліканскую бальніцу Батумі. Двое знаходзяцца ў рэанімацыі.
У Батумі шпіталізавана ў тым ліку шэсць дзяцей, паведаміла спецыяліст па рэабілітацыі Рэспубліканскай бальніцы Ана Качадзэ. Паводле яе слоў, якія прыводзіць грузінскае інфармагенцтва Iinterpressnews, два пацыенты знаходзяцца «ў адносна цяжкім стане».
За апошні час гэта ўжо як мінімум другое ДТЗ у Грузіі, у якім загінулі беларускія грамадзяне. У ліпені аварыя здарылася ў Батумі — сутыкнуліся мікрааўтобус з турыстычнай групай і легкавы аўтамабіль. Загінулі двое беларускіх турыстаў — жанчына 1983 года нараджэння і мужчына 1963 года нараджэння.
яс