Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Асабістая ўрач Аляксандра Лукашэнкі стала ўладальніцай сеткі аптэк у Беларусі

13.08.2026 14:01
Кампаніяй «Лігматон» раней валодалі Георгій Топузідыс і яго маці Галіна Пятровіч.
  ( )   Antiage Clinic.
Алена Казак (крайняя злева) на вечарынцы Antiage Clinic. Крыніца: Інстаграм

Як высветліла выданне «Бюро», у жніўні 2024 года кампанія «Лігматон», якой раней валодалі Георгій Топузідыс і яго маці Галіна Пятровіч, была перааформленая на Алену Казак. Паводле інфармацыі, атрыманай з дапамогай «Кіберпартызанаў», асабістая ўрач Лукашэнкі была працаўладкаваная ў кампаніі яшчэ ў ліпені 2024 года.

Георгій Топузідыс — сын буйнога беларускага бізнесмена і аднаго з так званых «кашалькоў» Лукашэнкі Паўла Топузідыса.

Павел Топузідыс разам са сваім бізнес-партнёрам Віктарам Пятровічам кантралюе «Табак-Інвест», развівае сетку гандлёвых цэнтраў і гіпермаркетаў «Карона», а таксама звязаны з тытунёвай вытворчасцю і іншымі буйнымі бізнес-актывамі ў Беларусі.

Спачатку ўладальніцу кампаніі ў дакументах пазначылі як Алену Уладзіміраўну Казак. Пазней імя па бацьку змянілі на Георгіеўну. Пры гэтым інфармацыя пра структурныя змены кампаніі не ўносілася. Паводле актуальнай выпіскі, менавіта Алена Казак валодае аптэчнай сеткай «Лігматон» са жніўня 2024 года. Дырэктаркай кампаніі, як і раней, застаецца Галіна Пятровіч.

«Лігматон» валодае сеткай аптэк па ўсёй Беларусі і ўдзельнічае ў дзяржаўных тэндарах на пастаўку медыкаментаў. Выручка кампаніі ў 2025 годзе склала 83,6 мільёна рублёў, чысты прыбытак — 2,79 мільёна.

Раней «Бюро» таксама высветліла, што з кампаніяй «Лігматон» звязаная яшчэ адна фаварытка Аляксандра Лукашэнкі — былая дэпутатка Марыя Васілевіч. Са жніўня 2024 года яна працуе там вядучай спецыялісткай па камерцыйнай дзейнасці.

нг