Міністр замежных справаў Чэхіі Петр Мацінка ўнёс ва ўрад краіны прапанову аб змяненні візавых правілаў для сваякоў беларусаў, якія жывуць у Чэхіі. Дэмакратычныя сілы Беларусі падзякавалі міністру за выкананне дадзеных ім абяцанняў, паведамляе «Белсат».
Прапанаваныя змены павінны ўлічыць асаблівую сітуацыю беларускіх сем'яў, у тым ліку тых, чые сваякі ўжо атрымалі чэшскае грамадзянства і пры гэтым не маюць дзейнага беларускага пашпарта. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні прадстаўніцтва дэмакратычных сілаў у Чэхіі.
Паводле прапановы, магчымасць падаваць заявы на кароткатэрміновыя візы для наведвання сямʼі будзе пашыраная на найбліжэйшых сваякоў грамадзян Чэхіі, а таксама беларусаў, якія маюць у краіне доўгатэрміновы або пастаянны дазвол на жыхарства.
У прадстаўніцтве дэмакратычных сілаў Беларусі выказалі спадзяванне, што прапанова будзе ўхваленая, і адзначылі, што гэта дапаможа захаваць важныя сямейныя і чалавечыя сувязі паміж беларусамі, якія жывуць у Чэхіі, і іх блізкімі.
Нагадаем, што на запыт намесніка кіраўніцы АПКБ Паўла Латушкі ў Консульскім дэпартаменце МЗС Польшчы пацвердзілі, што беларусы з гуманітарнымі візамі, дазволамі на часовы побыт або дадатковай абаронай маюць права запрашаць бліжэйшых сваякоў па натарыяльна завераных натарыўсам запрашэннях.
вс