Падсанкцыйнае беларускае прадпрыемства ААТ «Планар», якое супрацоўнічае з расійскім ваенна-прамысловым комплексам, магло атрымліваць замежныя кампаненты праз гродзенскую кампанію «Будгеадар». Схему паставак раскрыў «Белпол», піша «Радыё Свабода».
Паводле апублікаваных дакументаў, «Планар» набыў у пасярэдніка камеру машыннага зроку XIMEA xiQ, вырабленую ў Славакіі, а таксама рэдуктары французскай кампаніі Girard Transmissions. «Будгеадар», які спецыялізуецца пераважна на дарожных і будаўнічых матэрыялах, раней ужо фігураваў у расследаванні аб пастаўках абсталявання для падсанкцыйнай Гродзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман».
«Планар» знаходзіцца пад санкцыямі ЗША з канца 2023 года. Пазней абмежаванні супраць прадпрыемства ўвялі Еўрасаюз, Вялікабрытанія, Канада, Аўстралія і Швейцарыя. У ЕС санкцыі тлумачылі ўдзелам кампаніі ў вытворчасці абсталявання і кампанентаў для беларускага і расійскага абароннага сектара.
эж