Чэшскі суд 21 жніўня разгледзеў апеляцыю на адмову ў міжнароднай абароне 23-гадоваму беларусу Якаву Кудзялевічу і вынес рашэнне на карысць маладога чалавека. Пра гэта ў сваім акаўнце ў «Фэйсбуку» паведаміў ягоны бацька Дзмітрый Кудзялевіч.
— Рашэнне на нашу карысць! Наглядны прыклад, як незалежна адна ад адной працуюць дзве галіны ўлады — судовая і выканаўчая, — напісаў Кудзялевіч.
Ён падзякаваў арганізацыям, праваабаронцам, юрыстам і ўсім, хто падтрымліваў сям'ю падчас чатырохмесячнага разбору, піша reform.news.
Якаў Кудзялевіч пакінуў Беларусь у 17 гадоў пасля пратэстаў 2020 года. Ён некалькі гадоў вучыўся ў Чэхіі, аднак пазней сутыкнуўся з праблемамі з легалізацыяй і падаў заяву на міжнародную абарону. Якаў і ягоны бацька раней удзельнічалі ў пратэстах у Беларусі і былі вымушаныя зʼехаць з краіны. Міністэрства ўнутраных спраў Чэхіі першапачаткова адмовіла маладому чалавеку ў прадастаўленні абароны, пасля чаго рашэнне было абскарджана ў судзе.
Якаў і Дзмітрый Кудзялевічы. Крыніца: акаўнт Дзмітрыя Кудзялевіча ў «Фэйсбуку»
Гісторыя Якава атрымала шырокую агалоску пасля таго, як у пачатку красавіка яго знайшлі без прытомнасці ў пакоі прыёмнага цэнтра для мігрантаў, якія хадайнічаюць аб міжнароднай абароне. Па словах урачоў, малады чалавек прыняў некалькі медыцынскіх прэпаратаў і каля сутак знаходзіўся без прытомнасці. Яго даставілі ў шпіталь, дзе ён правёў 73 дні ў коме. Пазней Якаў апрытомнеў. Бацька раней казаў, што на стан сына паўплывалі асабістыя абставіны, праблемы з легалізацыяй і страх вяртання ў Беларусь.
вс