Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Апытанне: як змянілася стаўленне ўкраінцаў да беларусаў і Лукашэнкі за апошнія гады

27.08.2026 15:35
Паводле вынікаў апытання, стаўленне ўкраінцаў да Аляксандра Лукашэнкі і беларусаў вельмі моцна змянілася.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: Hurca/pixabay.com/CC0 Public Domain

Паводле вынікаў новага апытання жыхароў Украіны, дрэннае стаўленне да Лукашэнкі выказалі 9 з 10 апытаных, а дрэннае стаўленне да беларусаў агулам выказала менш за палову ўкраінцаў, паведамляе «Белсат» са спасылкай на агульнанацыянальнае рэпрэзентатыўнае апытанне сярод жыхароў Украіны пра стаўленне да некаторых сусветных лідараў і краінаў, якое 4-9 жніўня 2026 года правяла кампанія «Rating Group».

Сярод сусветных лідараў апытаныя жыхары Украіны найбольш станоўча ставяцца да прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона (79 %), канцлера Германіі Фрыдрыха Мерца (64 %) і да прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Таіпа Эрдагана (61 %).

Найгоршае стаўленне, відавочна, украінцы паказалі да Уладзіміра Пуціна (97 % негатыву). Што датычыць Аляксандра Лукашэнкі, стаўленне да яго ў украінцаў вельмі моцна змянілася за апошнія гады.

Напрыклад, у 2014-м да яго вельмі добра ставіліся 62 % украінцаў, да 2026-га колькасць такіх зменшылася да 7 %. Вельмі дрэнна ставіліся да яго ў 2014 годзе толькі 26 % украінцаў, цяпер іхная колькасць дарасла да 90 %.

Найбольш халоднае стаўленне да жыхароў Расіі (91 %) і Беларусі (70 %). З 2022-га стаўленне да іх толькі пагоршылася: напрыклад, чатыры гады таму да жыхароў Расіі вельмі халодна ставіліся толькі 56 % украінцаў, яшчэ 25 % — халодна. Цяпер жа вельмі халодна да расійцаў ставіцца 81 % украінцаў, яшчэ 10 % — проста халодна.

Вельмі халоднае стаўленне да беларусаў таксама вырасла амаль удвая з 2022 года: з 24 % да 44 %. А вось колькасць тых, хто вельмі добра ці нейтральна ставіўся да беларусаў, за гэты час змянілася амаль незаўважна.

Напрыклад, украінцаў, якія нейтральна ставіліся да беларусаў у 2022 годзе, амаль столькі ж і ў 2026-м: 28 % супраць 26 %. Цёпла ці вельмі цёпла да беларусаў у 2022-м ставіліся 11 % украінцаў, у 2026-м — 8 %.

Таксама рэспандэнтаў папрасілі ацаніць, наколькі сяброўскія ці варожыя пэўныя краіны ў дачыненні да Украіны. Большасць украінцаў ставіцца да жыхароў суседніх краінаў цёпла ці нейтральна.

Выключэнне — жыхары Расіі і Беларусі, да якіх з 2022 года стаўленне толькі пагоршылася. Найбольш варожае стаўленне ўкраінцы адчуваюць з боку Расіі (97 % негатыву) і Беларусі (83 % негатыву).

аз