Згодна з новымі нормамі ўкраінскага заканадаўства, да 10 лістапада ўсе замежныя вайскоўцы, якія служаць у Сілах абароны, павінны прайсці працэдуру легалізацыі. Для гэтага неабходна прад’явіць арыгінал дакумента, які пацвярджае асобу.
Аднак частка беларускіх добраахвотнікаў страціла пашпарты падчас службы. Аднавіць іх ва Украіне немагчыма, а вяртанне ў Беларусь для людзей, якія ваявалі на баку Украіны, пагражае крымінальным пераследам, нагадвае АПК.
— У міграцыйным заканадаўстве наўпрост прапісана, што ты павінен прад’явіць арыгінал дакумента. Потым у ДМС робяць копію, ставяць пазнаку, што копія сапраўдная, — і вяртаюць табе арыгінал. Але ты павінен быў прынесці яго і паказаць супрацоўніку службы. А чалавек, у якога фізічна няма пашпарта, не можа прайсці гэтую працэдуру, — патлумачыла ў каментары «Суспільнаму» намесніца прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета па сацыяльнай палітыцы ў пытаннях працы з добраахвотнікамі і іх сем’ямі Анастасія Махамет.
Такім чынам, чалавек можа гадамі служыць ва Украіне, але не мець магчымасці выканаць патрабаванні міграцыйнага заканадаўства. Паводле Махамет, ёй вядома, як мінімум, пра восем выпадкаў страты пашпартоў беларускімі добраахвотнікамі. Пры гэтым узнікае рызыка, што пасля заканчэння тэрміну легалізацыі такіх вайскоўцаў пачнуць звальняць са службы.
— Гэта вельмі складанае пытанне, бо ў чалавека няма дакументаў, але проста выгнаць яго з Украіны — ну гэта таксама не вельмі добра, — адзначыла Махамет.
Адным з магчымых рашэнняў яна называе ўключэнне ваеннага білета ў пералік дакументаў, якія пацвярджаюць асобу і прававы статус чалавека. Махамет рыхтуе зварот у Міністэрства абароны Украіны, каб высветліць магчымасць такога рашэння.
аз