27-гадовы грамадзянін Літвы Дэйвідас Станулявічус (Deividas Stanulevičius) быў затрыманы ў Беларусі і асуджаны за «спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці». Пра гэта паведамляе былы беларускі палітвязень Ілля Міронаў, які цяпер жыве ў Літве.
Станулявічус — жыхар Вільнюса, блогер і былы аматарскі футбаліст. Ён займаўся перапродажам аўтамабіляў і арганізацыяй перавозак паміж Літвой, Польшчай і Беларуссю. Акрамя таго, мужчына арганізоўваў двухдзённыя туры ў беларускую частку Чарнобыльскай зоны адчужэння і распавядаў пра гэтыя паездкі ў сацыяльных сетках.
У сакавіку гэтага года, пасля анонсу чарговай экскурсіі, Станулявічус знік. Пазней стала вядома, што яго затрымалі на мяжы і змясцілі ў следчы ізалятар.
Напрыканцы жніўня Мінскі гарадскі суд прызнаў літоўца вінаватым паводле часткі першай артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса Беларусі — «спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці». Падрабязнасці абвінавачанняў не паведамляюцца. Як і ў іншых палітычна матываваных справах, працэс праходзіў у закрытым рэжыме.
Ілля Міронаў заклікаў літоўскія ўлады выкарыстаць усе дыпламатычныя і міжнародныя магчымасці для вызвалення Станулявічуса. Паводле яго, затрыманне грамадзяніна краіны Еўрасаюза беларускім рэжымам стварае пагрозу не толькі для яго сям'і, але і для іншых грамадзян ЕС.
Літоўскія ўлады пакуль не паведамлялі пра магчымыя перамовы наконт вызвалення Станулявічуса.