Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Для тых, хто з'ехаў за мяжу, у 2027 годзе зʼявіцца чарговае абмежаванне

01.09.2026 10:05
Цяпер даведацца, ці ёсць забарона на выезд з краіны, можна толькі пры асабістым звароце ў любое падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі. 
Беларускія пашпартыЗдымак: Беларуская служба Польскага радыё

У Беларусі ў 2027 годзе пачне працаваць яшчэ адно абмежаванне для тых, хто зʼехаў за мяжу. З 23 студзеня яны не змогуць праз консульствы і пасольствы атрымліваць даведку аб наяўнасці або адсутнасці забароны на выезд з Беларусі. Змяненне прадугледжана ўказам, які Аляксандр Лукашэнка падпісаў у ліпені, піша «Люстэрка».

20 ліпеня гэтага года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 234 «Аб банку даных аб грамадзянах Рэспублікі Беларусь, права на выезд якіх з Рэспублікі Беларусь часова абмежавана». Дакумент змяніў парадак прадастаўлення звестак з банка даных грамадзян, якім часова абмежавалі выезд з Беларусі.

Цяпер даведацца, ці ёсць забарона, можна толькі пры асабістым звароце ў любое падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі. Для гэтага трэба прадʼявіць дакумент, які пацвярджае асобу. Звесткі прадастаўляюцца заяўніку бясплатна не пазней за адзін працоўны дзень з дня звароту.

Пасля падпісання гэтага дакумента з асабістага кабінета на сайце МУС знікла функцыя анлайн-праверкі забароны на выезд з краіны.

Цяпер у беларусаў ёсць некалькі варыянтаў, як праверыць, ці няма абмежаванняў на выезд з краіны. Адзін з іх — пры звароце ў любое падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі. Другі — у консульства або пасольства краіны за мяжой. Калі рабіць гэта праз дыпламатычныя прадстаўніцтвы, то такі дакумент павінны зрабіць на працягу дзесяці працоўных дзён.

«З 23 студзеня 2027 года скасоўваецца магчымасць атрымаць даведку (выпіску) у амбасадзе ці консульстве Беларусі за мяжой — атрымаць яе можна будзе толькі ў Беларусі: у любым падраздзяленні па грамадзянстве і міграцыі АУС (АГІМ)», — адзначае сэрвіс бясплатнай і ананімнай юрыдычнай дапамогі Legalhub.help.

Для чаго ўводзяць змены, чыноўнікі не паведамляюць. Наяўнасць перашкод для выезду з краіны можа ўказваць на тое, што ў чалавека, напрыклад, ёсць даўгі ці супраць яго заведзена крымінальная справа з забаронай пакідаць межы краіны.

Люстэрка/ав